Перайсці да зместу

На крэсах (1927)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Сяўба II. Ураджай
Аповесьць
Аўтар: Алесь Гародня
1927 год
III. Некалькі слоў аб газэтах, ордэне Белага Арла і іншых прыемных і няпрыемных рэчаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ II

Ураджай

Ротмістр Заблоцкі пасьля сходу не вярнуўся да солтысавай хаты.
„Памятай дзень суботу і сьвяткуй яго“…
Гэтую заповедзь шэсьць дзён таму назад ён чуў у Картускім касьцёле.
З амбона прамовіў яе пан ксёндз.
Ротмістр прыпамятаў яе тры дні таму назад, чытаючы ліст пана Трэмбацкага.
Ён не пазабыўся яе, і ўраз-жа пасьля сходу на сялянскай хурманцы паехаў у Сігневічы…


∗     ∗

А ў Дзятлаве
справа была гарачая.
Потым апавядалі, што п‘яныя жандары зрабілі вобыскі ўва ўсіх хатах.
Шукалі быццам-бы зброю, але заглядалі толькі ў скрыні і іншыя месцы, дзе можна было знайсьці сёе-тое, але толькі не абрэз і не наган.
Адбіралі ўсё, што спадабаецца, і ўсё, што можна было паслаць жонцы ў далёкую Пазнань, ці — хоць-бы прадаць на Бяроскім кірмашы. Ці-ж мала існуе на сьвеце рэчаў, дарагіх жандарскаму сэрцу?


∗     ∗

Увечары п‘яныя жандары пабілі старую Прузыну за тое, што яна кепска сасмажыла скваркі і сьпякла яешню ня так смачна, як трэба было.
Такі самы лёс спаткаў пяцёх маладых хлапцоў, у хатах якіх не ўдалося адшукаць нічога такога, што-б магло спадабацца пану сэржанту ці нават звычайнаму жандару.


∗     ∗

Борздымі крокамі Сымон вяртаўся са сходу дахаты.
Раптам спыніўся.
Там, недзе ўперадзе, дарогу перасякае шлях.
Той, якім ехаць з Пяшчанкі ў Бярозу.
На шляху — хурманка.
Уперадзе — два коньнікі.

Ззаду — таксама…

∗     ∗

Чырвоная фарба макавым колерам заліла Сымону твар. Ён павярнуўся і пашоў назад у Дзятлава…


∗     ∗

Моўчкі падышоў Сымон да вёскі.
Крыжы.
Стаў. Падумаў. Паслухаў.
З першай-жа хаты праз адчыненае акно быў чуцен ціхі стогн…
На другім канцы вуліцы п‘яныя галасы гарланілі польскія песьні…
Кудысьці йшоў п‘яны жандар.
Ён хістаўся з боку на бок, але моцна трымаў у руцэ нейкі вялізарны клумак.
У другой руцэ ён нёс новенькую пару ботаў.
Сымон плюнуў і заместа таго, каб ісьці ў вёску, абышоў наўкола яе.
Пашоў проста па дарозе, куды глядзяць вочы.


∗     ∗

Сымон аглядзеўся…
Дзе ён?
Га! — У Сігневіцкім парку!
Але-ж як ён тутака апынуўся?
Наўрад ці хто змог-бы адказаць на гэта пытаньне.
У кожным разе — сам Сымон гэтага ведаў.


∗     ∗

Быў ужо вечар…
Палац сьвяціўся, як ліхтар, раскідваючы ва ўсе бакі яскравыя стужкі сьвятла…
Чутна была музыка…


∗     ∗

Дарогі Сымон ня ведаў.
Першы раз хадзіў ён па парку.
Пан Трэмбацкі ня любіў, каб у межах яго рэзыдэнцыі: „сьмярдзела хамскім пахам“…
Заместа варты тутака звычайна гулялі два агромністыя сабакі —
белыя, махнатыя ваўкадавы.
Уся ваколіца добра ведала, што з гэтымі лютымі зьверамі дрэнныя жарты.
Аб гэтым магла-б красамоўна пасьведчыць не адна парваная пара сялянскіх нагавіц, не адзін рубец на целах асобных сьмельчакоў, якія адважваліся ісьці па сваіх мужыцкіх справах беспасрэдна да пана, мінуючы кантору эканома Маркевіча, вядомага больш у ваколіцы пад клічкаю „Мардабой“…


∗     ∗

Дый пакалечаная рука фактара Моўшы, пазбаўленая двох пальцаў, гэтак сама магла-б расказаць нешта пра злосны нораў панскіх вартаўнікоў.


∗     ∗

Першай думкай, якая зьявілася ў Сымона, была думка аб сабаках.
Чаму іх няма? Чаму яны ня брэшуць? Чаму ня кідаюцца на Сымонаву шыю, ня грызуць яе, ня рвуць у шматкі? Можа шкадуюць? Неяк дзіўна:
Каб сам быў сабакаю, дык не пашкадаваў-бы самога сябе.
Можа ня чуюць?
— Наўрад.
Але чаго турбавацца?
Ну, загрызуць…
Халера, на іх…
Ці-ж ня ўсё роўна?


∗     ∗

Сымон пашоў далей.
У цемры спаткнуўся і блізка што ня ўдарыўся носам аб заднюю сьцяну панскае стайні. Але затрымаўся.
З начное цемры ледзь-ледзь данасіўся няясны шэпт.


∗     ∗

— Гумно… Абора… Сьпірытусавы пограб…
— А самы бровар і палац — не чапаць…
— Само зробіцца…
— Вецер…
— …пракукуе сем разоў…
— Гайда, хлопцы!..


∗     ∗

— Вартаўнічыя?
— Злачынцы?
— Ці-ж ня ўсё роўна!
Сымон ні на што не зьвяртаў увагі.
Нішто яго ня цікавіла.
Адна толькі думка была ў галаве:
— Праз мяне…
няшчасьце…
І чалавек праз мяне гіне…
Узялі яго?
Што з ім цяпер, з гэтым настаўнікам?
А! Трасца яго мацеры!..
Пэўна адвязьлі ў Бярозу ў турму.
Морду набілі…
Будзе знаць, як мне на дарозе стаяць…


∗     ∗

Сымон павярнуў улева.
Ці доўга ён ішоў — нямаведама.
Затрымаўся на беразе ракі.
Зьняў шапку, пастаяў…
Паглядзеў на рэчку і
адскочыў назад.
З вады выглядаў на яго — чалавечы твар!
Твар настаўніка з Пяшчанкі.
Увесь у крыві!


∗     ∗

— Глупства!
— Нічога яму ня будзе…
— Але-ж чалавека забралі… праз мяне… павязьлі ў Бярозу… у дэфэнзыву…
Гэтак сама, як з месяц назад Хаіма з Шыліна, сына Бэркі-карчмара…
і як шмат іншых…
ніхто не зьвярнуўся…


∗     ∗

Аднекуль пачулася кукаваньне зязюлі.
Сымон аглядзеўся.
Падлічыў. Сем раз.


∗     ∗

Сігневіцкі палац сьвяціўся яшчэ мацней, чымся ў той час, калі Сымон быў каля яго.
Неба наўкола ахварбавалася ў нейкае адценьне блізкае да чырвонага.
Хмары выглядалі нейкім паўзучым крывавым апудалам.
Злосна квэкалі жабы.
У Пяшчанцы ледзь-ледзь сьвяціліся агні ў сялянскіх хатах.
Толькі ў сярэдзіне іх была нейкая пустата: у будынку школы — лямпа не гарэла…
Дый чаго ёй гарэць?
Каму сьвяціць?
Хто яе цяпер запаліць?


∗     ∗

Недзе ціхенька запляскалі вёслы. Па рэчцы, там, крыху ніжэй, ехалі два чаўны. Некалькі чалавек сядзела ў іх, некалькі чалавек стаяла, адпіхаючыся вёсламі аб няглыбокае, зацягнутае тваньню дно.
— Пэўна, рыбакі.
— Але што гэта ў іх за плячыма?
— Вінтоўкі!
— Можа гэта жандары?
— Вязуць настаўніка з Пяшчанкі…
…Яны хочуць яго ўтапіць,
— Не, лухта!
— Паляўнічыя…


∗     ∗

…Чалавек гіне…
цераз мяне…
Чаго я? Ён-жа жывы, нічога яму ня будзе…
…Жывы! Усё роўна, што мёртвы…
…Ня сёньня — заўтра заб‘юць…
Не — гэта-ж я…
Я яго забіў…


∗     ∗

— Але што гэта за чаўны?
Сымон павярнуўся і нехаця яшчэ раз паглядзеў на раку:
Вада была зусім чырвоная…


∗     ∗

Раптам —
ускочыў,
акамянеў на месцы.
З боку Бярозы гулка і мерна пачуліся ўдары царкоўнага звону.
…Па—ні—хіду?
Сымон схапіўся за галаву.
Па ім, па настаўніку!..
І з разьбегу —


∗     ∗

Яшчэ некалькі хвілін — ціха булькалі пузыры.
З балоцістага дна прабіваліся на паверхню вады газы.
Праз чвэрць гадзіны ўляглася гразь.
Вада зноў стала чыстай, як крышталь…


∗     ∗

Але чаму фактычна пачырванела вада ў рэчцы?
Чаму пачырванела неба?
І чаму —
да звону царкоўнае званіцы далучылі свой голас яшчэ:
Сігнявіцкі касьцёл і стары картускі кляштар?


∗     ∗

Дзятлава спала.
У адных хатах — сяляне.
У другіх — п‘яныя жандары.


∗     ∗

Раптам
сэржант Пясэцкі
падняўся на сваім ложку і пачаў напружана прыслухоўвацца.
З некалькіх бакоў чуцен быў мерны трывожны звон…
Сэржант выхапіў наган і, выбегшы на вуліцу,
выстраліў у неба…
Пачалася трывога...


∗     ∗

Па вёсцы гарцалі, як сабакі, чатырнаццаць жандараў.
Сэржант Пясэцкі лаяўся адборнай польскай лаянкай.
Які-б то ня быў Antek z pod Wisły мог бы пазайздросьціць спрытнасьці і багацтву яго мовы.


∗     ∗

Ротмістр Заблоцкі на ўсьпененым кані ўскочыў у Дзятлава.
Зьбялеўшы, дрыжачы сэржант падскочыў з рапартам:
— Данашу, што ўначы невядомымі злачынцамі скрадзена чатырнаццаць вінтовак і чатырнаццаць патронташаў.


∗     ∗

А ў Чыжовым фальварку —
газа гарэла ўсю ноч.

Старая Аўдотка чакала сына.

∗     ∗

Чу!
Звон!
Нешта сталася?
Можа з Сымонкаю?
Старая выскачыла з хаты
і пабегла туды, куды ўжо з усіх бакоў беглі людзі з вёдрамі, з сякерамі;
куды несьліся ўзмыленыя сялянскія коні з бочкамі, з драбінамі…


∗     ∗

Старая шукала сына…
Ва ўвесь голас клікала яна:
— Сымонка!
Сы-мон-ка!


∗     ∗

Дарма!
Сымона яна не знашла,
Сымон ня прышоў да хаты сам.
І з тэй пары Сымона ніхто ўжо ня ўбачыў.