Перайсці да зместу

На крэсах (1927)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Сяўба
Аповесьць
Аўтар: Алесь Гародня
1927 год
II. Ураджай

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ I

Сяўба

„Жыў быў сабе — цар Батура,
была ў яго —
сабачая натура“.

Так, звычайна, пачынаецца вядомая паляшуцкая байка.
Гэтак і мы пачынаем нашае апавяданьне:
Жыў быў у сваім маёнтку, у Сігневічах, абшарнік Трэмбацкі.
Пан, як пан.
Зусім звычайны абшарнік.
У пана Трэмбацкага здохла карова.
— З чаго здохла?
— Можа аб‘елася канюшыны?
— Трасца яе ведае.
Але з гэтага пачалося.
За першай каровай здохла другая, потым — трэцяя.
Адным словам, нешта накшталт пошасьці.
Адначасна хадзілі нейкія чуткі, што і ў суседніх вёсках гэтак сама здыхалі сялянскія каровы.

Але хто-ж будзе гэтым цікавіцца?
— Сялянскія-ж!..


∗     ∗

Аканом Маркевіч, зьняўшы шапку і апусьціўшы да долу рукі, стаяў перад панам Трэмбацкім:

— Так што, паночку, галава ў мяне кругом пашла: ніяк не магу зразумець, што, адкуль, дзе і як…
Вось вам.

— Учора ўвечары вязу бульбу, — парабком, значыць, андынару выдаць. Вязу 20 мяшкоў. Прывёз, прыказаў скінуць. Палажылі яе хлопцы ў пуню. Ну, я яшчэ раз пералічыў, для пэўнасьці, значыць, і пашоў сабе спаць. Ключы ўсю ноч былі пры мне пад падушкаю.
— Уранку прыходжу з хлопцамі. Агледзеў замкі, — усё цэла. Адчыніў… Выдаю. Гляджу, — ажно чатырох мяшкоў не хапае. Праверыў яшчэ раз, падлічыў, значыць, каму колькі выдаў…
— Няма і няма.
— Хоць ты сабе што хочаш рабі — нічога зразумець не магу. Адно толькі пэўна — уначы хто-небудзь ключы падабраў і залез.
— Ведама, парабкі!..


∗     ∗

А ў хаце Маркевіча
сядзеў Шлёма з Шыліна і піў гарэлку:
Ён ужо прывёз прыяцелю грошы за проданыя ім 4 мяшкі бульбы.


∗     ∗

„Шаноўны пане Ротмістру!

Прымушаны зьвярнуцца да Вас, бо не магу сам даць рады. Парабкі мае зусім адбіліся ад рук, працаваць ня хочуць, патрабуюць прыбаўкі. Мясцовыя бальшавікі распаўсюджваюць чуткі, нібы я не даю ўсю андынару, што абяцаў ім даваць.
На тым тыдні заняў мой аканом тры сялянскія каровы, што пасьвіліся на маім выгане, ды залезьлі ў авёс і нават патапталі жыта. Уласьнікамі гэтых кароў аказаліся дзятлаўскія хлопы. Я ўзяў за кожную карову па 2 злотых выкупу. Кажуць, што мужыкі моцна лаяліся. Мой аканом чуў нават, што яны пагражалі мяне забіць.
На працягу трох тыдняў у мяне здохла 6 кароў, і я ўпэўнены ў тым, што яны атручаны тымі-ж дзятлаўцамі.
Нарэшце, распачаліся кражы. Мінулай ноччу сяляне паламалі замкі мае пуні і ўкралі 10 мяшкоў бульбы і 5 мяшкоў жыта.
Бальшавіцкая зараза шырыцца, захапляе сялянства і ўсё затопіць, калі Вы, пане Ротмістру, не
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

З пашанаю,
з свайго боку на паслугі шчыра
гатовы Станіслаў Трэмбацкі.
P. S. Прыяжджайце да мяне ў Сігневічы. Я атрымаў з Варшавы партыю добрага „Рэдэрэр“. У суботу прыедзе мой брат і прывязе некалькі паненак (этуалі з „Hotel Polonia“). Будзе весела. Чакаю“.

С. Т.

∗     ∗

У старане ад Дзятлава, па прасёлку, што вядзе да Пяшчанкі —
адзінокі фальварак.
Тут, каля хаты, на прызьбе, сядзеў малады хлапец.
Фігура — кволая, нездаровая.
На твары нейкая нерашучасьць.
Вочы, як у тумане.
Бегаюць ва ўсе бакі.
Глядзяць усюды, куды хочаш, толькі ня проста перад сабою, толькі не на таго, з кім гаворыць іх уласьнік…
З-пад кручкаватага носіка памалу пачынаюць прабівацца вусы.


∗     ∗

Дзесяць год прашло ўжо з таго часу, як памёр гаспадар фальварку, Чыж, і старая Аўдотка засталася сама-самюсенькая з сынам Сымонкай.
Хлопчыку было яшчэ толькі дзесяць год.
І хворы ён быў зусім.
Але — нішто —
выгадавала.
Аўдотка — кабета хоць і старая, але працавітая.
Гаспадыня — што трэба.
Нішто ў яе не прападзе, нішто не змарнее.
Ну, і гаспадарка ў яе пашла ня кепска.
Бадай што нават лепей за тыя часы, калі жывы быў стары Чыж
Уся ваколіца ведала:
Багацей ад Чыжоў ніводнага селяніна ва ўсёй воласьці няма.


∗     ∗

Усе наўкола зайздросьцяць Чыжом.
Але Сымон Чыж — сумуе.


∗     ∗

Не кахае Марылька.
Чаму?
Хто-ж яе ведае!
Сымон добра знае, што ён не лайдак які, не калека; дзяўчаты яму праходу не даюць.
З твару, відаць, хлопец нішто.
Польскую мову добра ведае.
Значыць, з панамі размаўляць можа;
Ну, —
скача ня дрэнна.
На скрыпцы — лепшы музыка на ўсю ваколіцу.
На гармоніку —

таксама…

∗     ∗

Чаго-ж ёй трэба?
Ці, можа, з голаду баіцца памерці?
У Чыжовай хаце? —
Не звар‘яцела.
Дык у чым-жа справа?


∗     ∗

Сымон пакруціў галавою, сьціснуў рукі ў кулакі, падняўся і пашоў па дарозе…


∗     ∗

Надыходзіў вечар.
На простай лініі небасхілу Спораўскія лясы скрыпелі, як зубы нейкага цмока.
Яны гатовіліся праглынуць крывава-чырвонае сонца.
На паплавох чулася кваканьне жаб.
Гармідар цягучы, жудасны.
Пахла балотам.


∗     ∗

— Здарова, Марылька! Я даўно шукаю мажлівасьці пагаварыць з табою…
— Няма-ж аб чым нам з табою размаўляць, Сымон. Я-ж табе ўжо ўсё сказала…
— Зусім ня ўсё. Можа, ты думаеш, я што ведаю пра Васіля, настаўніка з Пяшчанкі?— Уся ваколіца толькі аб тым і гаворыць, што ты з ім…
— Маўчы, Сымон!
— Не, цяпер ты маўчы, распусьніца! Жабрачкаю нарадзілася! Хоць-бы дзякуй сказала, што цябе ў людзі хочуць вывесьці, дык не, дай табе такога-ж басяка, як і твой бацька. Распусьніца!
…Звонкі гук аплявухі прарэзаў паветра…


∗     ∗

Цёмна.
Прасёлак уецца выкрутасамі і гіне ў ночнай цемры.
У тумане відаць панурую фігуру.
Стаіць.
Час-ад-часу чутно гістэрычнае ўсхліпваньне.


∗     ∗

Праз поўгадзіны —
постаць выпрасталася і заварушылася па дарозе.
Сымон Чыж пашоў да гасподы.


∗     ∗

— Ёмкая дзяўчына!..
І сьмелая, — халера на яе…
Праўду кажучы, —
так мне і трэба…
А прыгожая!
Другую такую ня хутка знойдзеш…
Ну, стой, Васілёк, —
паглядзім, чыё возьме…
Я кажу — маёю будзе!
Калі я сказаў, —
дык так…
Ах ты, сволач!
Хаця —
чым-жа-ж ён вінаваты, калі яна яго кахае…
Галадранец!
На дарозе стаў — трэба пазбыцца яго…
Але як?


∗     ∗

Раніцою ў Дзятлава ўехаў атрад жандараў.
20 чалавек коньніцы.
На чале — ротмістр Заблоцкі.
Пад‘ехалі да солтысавай хаты.


∗     ∗

Бляды, дрыжачы солтыс стаяў перад панам ротмістрам:
— Радысень стараць, яснавяльможны паночку!
А ў самога — у галаве сьвярбіць:
„Чаго гэта зноў трэба жандарскаму афіцэру?“
Адказ:
— Першае: заўтра сход.
Трэба апавясьціць сялян.
Зьявіцца павінны ўсе
— Другое: пастой;
корм коням;
харчы людзям.
Праз пяць хвілін —
дзесяцкі ўжо бегаў з хаты ў хату.
Сяляне — моўчкі часалі патыліцу.


∗     ∗

Да чорта цёмная ноч.
Каля солтысавай хаты — варта.
Ня дзіва:
Солтыс з сямейкай перабраўся да суседа
А ў яго хаце начуе пан ротмістр…


∗     ∗

— Стой! Хто ідзе?
— Свой. Да пана ротмістра…
Даўгі, працяжны сьвісток.
Падыходзіць разведзячы:
— У чым справа?
Праз дзьве хвіліны, развадзячы ўваходзіць у хату, выходзіць адтуль і зноў вяртаецца назад.
Але ў гэты раз —
ён вядзе да пана ротмістра нейкую фігуру ў сялянскай вопратцы.


∗     ∗

…Прымаючы пад увагу ўсё вышэйпаданае, на падставе закону аб кругавой паруцы, я загадваю сялянам вёскі Дзятлава:
1. Выдаць пану Трэмбацкаму натураю шэсьць кароў, дзесяць мяшкоў бульбы і пяць мяшкоў жыта.
2. Заплаціць яму-ж штраф у ліку тысячы злотых польскіх.
Усё — у трохдзенны тэрмін. А не, дык…
Калі пану будуць зроблены яшчэ якія-кольвек страты, адказнасьць будзе цалком ускладзена на вас. Іншымі словамі — зьмяту ў парашок усю вёску…
А цяпер,
быдла, —
расхадзіся па сваіх хлявох!..


∗     ∗
Сход — зачынены…

∗     ∗

А тым часам —
сэржант Зарэмба з чатырма стражнікамі заехаў у Пяшчанку.
Пад‘ехаў да школы.
На дварэ гулялі дзеці.
Сэржант прыказаў паклікаць настаўніка.
Вышаў Васіль Гарбацэвіч.
І ўраз —
на руках яго зазьвенькалі кайданы.


∗     ∗

Па Бяроскаму тракту на сялянскай хурманцы ехаў Васіль.
Побач з ім сядзеў сэржант Зарэмба з наганам у руцэ.
Па бакох ехалі чатыры коньнікі з голымі шаблямі.


∗     ∗

Васіль Гарбацэвіч выглядаў як-бы хворым.
Твар яго быў белы, як крэйда, якою з гадзіну перад тым кудлатыя хлопчыкі й дзяўчаткі малявалі на чорнай школьнай дошцы літары:
— Кірылічныя —
— Сакрамэнтальныя!

— Хамскія!

∗     ∗

А з-пад насунутай блізка што не на нос шапкі, па твары, каля вуха праходзіла чырвоная стужка крыві.