На зачарованых гонях (1923)/Тулягі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вялікодныя яйкі Тулягі
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
На каляды к сыну
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тулягі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тулягі.

— Бадай цябе трасца, бадай цябе! — буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ўжо пляшку ад гарэлкі на стол.

— Ё-о-о чаго зьесьці? — вышэй крыкнуў ён п’яным голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горам жонкі, каторая капалася каля прыпечку.

— Эй, сьцерва, кратайся, — бо калі трэсну! — І яго кулак ужо засьвістаў ў яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом…

Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася-б, нават, выкруціцца, але ў гэты самы момант з шырокага ложка пачуўся слабы, тоненькі галасок: «Пі-іць, мамачка, піць!..»

Арцёміха падбегла да ложка, а тымчасам Арцём бразнуў дзьвярыма й вышаў.

— Д-аю, Ганулька, даю! — марматала Арцёміха й баржджэй шмыг у сенцы з конаўкай за вадою.

Гануля была дзяўчынка гадоў трынаццаці — стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла ў аднаго багатага гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, і то яна ім кожын год на Каляды грошы аддавала. Цешыліся яны сваёй дачкой, але прылучылася няшчасьце. Восеньню пры малацьбе. Ганулька прастудзілася й захварэла. Адвязьлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ёй нейкія галачкі з хлеба, зельле; купілі ліманаду й пірага ў Соркі, — але нічога не памагала. Кажа яна, што ўнутры нешта паліць і ўсё піць хочацца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы, быццам вугалі, гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідваець ўсялякія штукі й няпрытомна гаворыць.

Сягоньня яна толькі цяжка, стогнець, лежачы на сяньніку… А праз брудны кавалак шыбіны, перакрыжаванай лучынкамі, прасьвечваюцца, праменьні сонейка й многаколерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнага твару Ганулькі… Пазіраець яна на залатыя праменьні й сьлёзы коцяцца з вачэй… Вось, пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шаптаць ціха, слаба… Маці прыслухаецца, але ня можа пачуць нічога.

Шэпт усё слабей ды слабей… Гэтак сама, шэпча і скрыпка калі музыка адыймаець ужо смычок са струн.

Змоўкла Ганулька…

Маці датаркнулася да яе, ажно яна ўжо сьцюдзёная, як лёд. Арцёміха ня плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула „ай“! — яна ўжо выплакала за свой век усе свае сьлёзы.

Гэта ведаюць старыя, сумныя могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там, рознарослыя крыжы й крыжыкі яе дзяцей: Юзя ўтапіўся, Марылю кабыла забіла, Агатку яна сама прыспала на ложку, Сьцёпка так памёр ад нейкага, безгалоўя — мала-ж ёсьць напасьцяў у няшчасных, бедных вёсках?

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Як нарыхтаваная машына, Арцёміха цяпер рабіла ўсё бяз цікавасьці, чула, як на хаўтарох бабы цешылі яе, ківаючы галовамі, сморкаючыся ў хусткі ды прыгаварваючы проста з мосту:

— А ты-ж бедная, Арцёміха!

— А ты-ж ня вытрымаеш, Арцёміха!

— А як-жа-ж ты будзеш жыць, Арцёміха!

— А ей-ей, Арцёміха, матачка!

І шмат нагаварылі гэткіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурох шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго-сяго не хватаець, але ня цікавілася, як-бы не пра яе казана…

Ачнулася яна толькі тады, як вынесьлі дамавіну, як асталася адна, бо зьнядужыла сама пайсьці…

Азірнулася…

— Матачка боская!..

І давай сухімі сьлязамі плакаць і прыгаварваць нарасьпеў.

— А я-ж цябе насіла пад сэрцам!

— А я-ж цябе гадавала, нянчыла, сьлёзкі выцірала, карміла, адзявала…

— Хадзіца на падзённую і аб табе ўсё думала… купляла хустачкі чырвоненькія…

— Няхай-жа бы ты жыла, і я бы табе палатна наткала, я-ж ужо кросны прыгатавала…

— А я бы сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе…

І, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.

Плакала старая Арцёміха сухімі сьлядамі й быццам пяяла:

— Зямля — зямелька родненькая!

— А ты-ж ужо навекі прыкрыла сьцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю…

— А ты яе навекі, навекі схавала ад сонейка!…

— Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясныя — ніколі, ніколі!..

— Ніколі галасочак яе не зазьвініць — ніколі, ніколі!..

— Хай каршуяны кіпцямі рвуць мае грудзі старыя!..

— Хай сабакі гломзаюць маё сэрца непатрэбнае!..

Зноў заенчыла «ай!» і змоўкла. Увайшоў Арцём і ціха сеў, але баржджэй усхапіўся, бо вялікі галатуцкі певень ускочыў на ложка, дзе ўперад ляжала Ганулька.

— Кі-і-ш-ш-ш! Кі-і-ш-ш-ш! — і ня вытрываў…

— А бадай цябе трасца, бадай цябе! — крыкнуў ён і дзіка азірнуўся на цёмны кут ля печы.

Крыкнуў ён не на бабу сваю, як усягды, але на самога сябе. І то не крыкнуў ён на свой страшэнны боль, каторы, як-бы кляшчамі, абхапіў яго ўсяго…

— Бадай цябе трасца, бадай цябе!.. І паваліўся на мокры гліняны памост, вобземлю й плакаў, як малое дзіцянё…

Пасадзец, 1912 г.