На добры стары лад
Jump to navigation
Jump to search
На добры стары лад Верш Аўтар: Янка Купала 1905—1907 Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/678 |
Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй;
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!
Хоць хаткаю тваёй
Трасуць штодзень вятры
І песьняю сваёй
Разносяць стогн стары
Над хаткаю тваёй, —
Забудзься і працуй!
Нуды пажар тушы,
На вір жыцьця ня злуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!
Хоць ночка цемнатой
Заслала сьцежкі ўсе,
Праходзіш ты кудой
Па сьлёз сваіх расе
З адвечнай цемнатой, —
Забудзься і працуй!
Прашкоды ўсе крышы,
На долю не крыўдуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!
Хоць гора ўсьлед бяжыць,
А каменем-гарой
На сэрцы жаль ляжыць,
Хоць смутна, Божа мой, —
Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх ня чуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы, —
Забудзься і працуй!
(1905—1907)