Нашы цэннасці
Нашы цэннасці Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1919 Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 313—315. |
Ёсць даволі ходкі афарызм, каторы кажа: «Народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова: без народнай мовы няма народа». Гэты афарызм, як і многа іншых афарызмаў, у кароткай і меткай форме выказвае, якая ёсць найглаўнейшая прымета народнасці, ці, як па-загранічнаму называюць цяпер — нацыянальнасці. Аднак жа афарызм гэты не абмінае ўсіх тых цэннасцей, каторыя разам твораць народнасць — нацыю з ней кай этнічнай групы. Даўней, блізка да ХIХ сталецця, не было саўсім нацыянальнага пытання. Нацыянальнасць злучалі з гасударственнасцю і царквой, як гэта цяпер яшчэ робяць цёмныя людзі. Развіццё нацыянальнага пытання прыпадае на ХIХ сталецце, а навучная разработка яго на канец ХIХ сталецця і нашы часы. У апрацаванні гэтага вынесенага самім жыццём, у меру развіцця дэмакратызму, пытання вялікую заслугу палажылі такія вучоныя, як Спенсер, Тэйлар, Кауцкі, Бокль, а апошнімі часамі Вернер Зомбарт і іншыя перваразрадныя навуковыя еўрапейскія сілы. І вось паводле найнавейшай навукі нацыянальныя цэннасці бываюць дваякія: матэрыяльныя і маральныя. Матэрыяльныя цэннасці гэта: гасударственнасць, войска, выпаўніцельныя органы і іншыя прыналежнасці гасударственнай уласці. Матэрыяльныя нацыянальныя цэннасці могуць мець толькі гасударственныя нацыі і недаступны нацыям негасударственным. Але жыццё паказвае нам, што нацыі, не маючыя сваёй гасударственнасці, могуць трымацца цэлыя тысячалецці і процістаяць найдужэйшаму нават дэнацыяналізуючаму ўплыву другіх, суседніх, сільнейшых з кожнага боку нацый. Такія нацыі вытрымліваюць пастаронні націск, пераносяць цэла даўгалетні гнёт, апіраючыся на маральныя нацыянальныя цэннасці. Маральныя нацыянальныя цэннасці ў свой чарод бываюць дваякія: інстытуцыйныя і ідэальныя. Інстытуцыйныя цэннасці складаюцца з сумы маральных інстытуцый і арганізацыйных форм, каторыя распадаюцца на чатыры вялікія аддзелы: мову (якая абымае і літаратуру — слова і славеснасць), царкву, пачуццё нацыянальнай годнасці і абычаяў. Ідэальныя цэннасці — гэта: гісторыя, традыцыі, ідэалы. Налічнасць усіх гэтых цэннасцей творыць моцную нацыю, нават без матэрыяльных цэннасцей можа жыць і развівацца ў чужой нацыянальнай гасударственнасці без нацыянальнага для сябе ўшчэрбу, пры варунку, што гасударственная чужая арганізацыя не будзе кіравацца да дэнацыяналізацыі паднявольнай сабе нацыі, а нават і пры налічнасці такога кірунку так званая інстутыцыйная нацыя можа бясшкодна для сябе вынасіць барацьбу і нават шкоды з навязкай аплачваць сабе разростам ідэальных цэннасцей.
Гэтулькі можна выснаваць з цяперашняй навукі аб нацыянальнасці. Пераходзячы да найбліжэйшага і найболей цікавячага нас беларускага пытання насамперш пастараемся разгледзець, якія мы маем нацыянальныя цэннасці і якія маем шансы называцца нацыяй.
Найперш матэрыяльныя цэннасці. Іх у нас няма, але навука кажа, што без іх нацыя можа жыць і развівацца. Знача, цэннасць да жыцця нацыі не канечна патрэбная.
Маральныя цэннасці. Інстытуцыйныя:
I. Мова; мову мы маем, мова наша жыве, гэта адна з цэннасцей, без каторай нацыя не можа жыць. Мы яе маем.
II. Пачуццё нацыянальнай еднасці творыцца праз мову; пачуццё такое сярод шырокіх мас беларускіх, нават найцямнейшых, ёсць.
III. Абычаі; пад абычаямі разумеецца ўклад жыцця, грамадзянскія формы і інш. Гэта таксама мы маем.
IV. Царква; царквы нацыянальнай мы не маем, але і царква хоць патрэбна для паўнаты нацыянальных цэннасцей, аднача без яе можа нацыя жыць. Прыклады маем на нацыях, каторыя нацыянальнай царквы не маюць. Нацыянальная царква — гэта важнейшая справа для гасударственнасці, чым для нацыянальнасці.
З пералічанага вышэй відаць, што мы, беларусы, з чатырох інстытуцыйных нацыянальных цэннасцей маем тры найважнейшыя і недахват нам апошняй — царквы.
Далей — як жа ў нас справа стаіць з ідэальнымі цэннасцямі?
I. Гісторыя; ці маем сваю гісторыю? Маем. Была нават беларуская гасударственнасць.
II. Нацыянальныя традыцыі. Маем, хоць… слабыя, не дзеля таго, што іх не было, але дзеля таго, што яны не захаваліся праз утрату нашай буржуазіі і мяшчанства.
III. Ідэалы; ёсць: агульналюдскія — дэмакратычныя і нацыянальныя, без каторых, разумеецца, не было б гутаркі аб адраджэнні нашым як нацыі.
З гэтага ізноў перагляду відаць, што мы маем: гісторыю, слабыя традыцыі і, так сказаць, зародышы ідэалаў. Зародышы таму, што мы агульналюдскія ідэалы куём не ў сваёй нацыянальнай кузні, а пераймаем іх ужо ператворанымі, перажванымі, падсоленымі і падпечанымі гісторыяй, традыцыямі і кірункамі мыслі нашых старакультурных суседзяў. Такія ідэалы, нават найшырэйшыя, найбольш людскія (гуманітарныя), не маюць, аднача, прыцягаючай сілы.
І выходзіць, што мы маем цела (народ з інстытуцыйнымі цэннасцямі), але гэтае цела, каб ажывіць, патрэбен жывы дух, патрэбны ідэалы, раўнацэнныя ўсясветным, прапушчаныя праз нашу нацыянальную прызму. Каб заваявацьме ў агульналюдскай культуры, павінны не толькі браць з агульналюдскай скарбніцы, але і класці ў яе раўнацэнныя.
Або прасцей кажучы: калі мы хочам жыць і быць нацыяй, народам, мы павінны стварыць сваю літаратуру, навуку, сваё штукарста. Вось глаўны варунак бытавання нас, беларусоў, як нацыі.