Нашы дні (1937)/Янку Купалу (Я не ведаю, дружа мой, Янка…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янку Купалу Янку Купалу
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Янку Купалу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янку Купалу (Я ня ведаю, дружа мой Янка…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я не ведаю, дружа мой, Янка,
Што сказаць табе сёння.
Прамільгнулі гады, як маланка,
У парнаскай пагоні.

Было многа дарог і прыгодаў
І спатканняў пад чарку…
Настрыножыць-бы вас, збегі-годы.
Паскідаць-бы вас з карку.

А ярлык мець „старых“ не цікава,
Няхай бог яго крые.
Не міла табе нават і слава,
Калі скажуць „старые“.

Ды „старымі“ завуць нас па злобе,
Ёсць на гэта прычыны, —
Каб нас проста, як кажуць, угробіць.
А за што? З-за жанчыны.

Яшчэ раз гэта слова пачую, —
Ведай друг мой, Гарацый:
На ўвесь свет свой пратэст пракрычу я:
Заяўлю ў Лігу Нацый.

А ты, Янка, пішы, брат, і крышка.
Старасць тут недарэчы.
Юнаком ідзі ўгору, брацішка,
Разгарні свае плечы.

Не зважай на блазноў, на бязвусых:
Зубаскальства іх — плесень.
Завінешся — напішаш два стусы
Ды якіх яшчэ песень!

Дык няхай-жа жывуць твае песні
У прыгожых узорах,
І мы вып‘ем за гэта, хоць трэснем:
Хто не вып‘е, — той вораг.

27/V 1935 г.