Нашы дні (1937)/Янку Купалу (Узыйшоў юнак калісьці…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янку Купалу Янку Купалу
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
„Іскры Ільіча“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янку Купалу (Узышоў юнак калісьці…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Узыйшоў юнак калісьці
На пагорак роднай вёскі.
Калыхаўся сум у лісці,
Млелі песень адгалоскі.

А ў разлогах далеч сініх
Лятуценне ткалі межы.
Слаўся смутак па даліне,
Ды туманам лес мярэжыў.

Крыж пануры, знак пакуты,
Вартаваў дарогі, гоні.
А мужык, худы, разуты,
Рукі з гора клаў на скроні.

Убіраў юнак у сэрца
З‘яў тых сумныя акорды,
Каб у вочы крыважэрцам
Кінуць слова гневу, цвёрда.

Клікаў ён народ свой к волі,
Сеяў зерні поўнай жменяй,
Каб дабра яму даць болей,
А каб крыўды стала меней.

І складаў ён песні-былі
Для раздум‘я і для ўцехі
Тым, каго з давён тулілі
У хібарках цёмных стрэхі.

Падымаў ён песняй ролі,
Будзіў песняй сон зацяты.
Іх спяваў пастух у полі,
Маладзіцы і дзяўчаты.

Шмат пуцін схадзіў ён з песняй,
Звонкай, яркай, як дзень ясны,
Ды ў імгле было прадвесне,
Цмяны шлях быў яму ўласны.

Толькі бура-навальніца,
Гімн, што Леніным быў спеты,
Ясназорай бліскавіцай
Асвяціла зрок паэта.

Трон упаў. У прах тыраны
Тою бурай былі змяты.
Новы дзень, усход румяны
Гэтым гімнам быў зачаты.

Дык складай-жа, пясняр, далей
Песні сонечным краінам,
Вольным людзям грознай сталі,
Іх узлётам сакаліным.

Дзень наш сёнешні — прасторы,
Зорны шлях прыгожай былі
Тая казка, аб каторай
Людзі толькі цмяна снілі.

Ідуць шляхам тым героі,
Каб здабыць працоўным славу
І свет цалкам перакроіць
І зрабіць комуны справу.

20/XI 1935 г.