Нашы дні (1937)/Панскі гнёт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Панская ласка Панскі гнёт
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Польскім катам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Братам Заходняй Беларусі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАНСКІ ГНЁТ

Няхай паны ў сваёй дурноце
Мацней сціскаюць абцугі,
Каб вас душыць у злосным гнёце,
Каб на калючым панскім дроце
Павесіць скарб ваш дарагі;
Няхай ксяназы, жрэцы-блюзнеры,
Падпёршы тылакам алтар,
Выводзяць панскія намеры
З „святых канонаў“ свае веры,
Каб болей сталася ахвяр;
Няхай шалее гэта зграя,
Няхай чадзіць „святы“ дурман,
Каб выбіць з беднага ратая
Прагненне к волі таго краю,
Дзе не прышчэпіцца ўжо пан;
Няхай караюць там сурова,
Каб дух народа загасіць:
Хай „ужонд польскі“ слова ў слова
Бярэ прыклады з Мураўёва,
Каб рух спаганіць, ахлусіць
Няхай „ад мора і да мора“
Жыве ў закручаных мазгах, —
Браты, мінецца ліха-гора,
І панскі шал затхнецца скора,
Бо стукне молат па панах.

1927 г.