Нашы дні (1937)/Краіне Советаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да 11-е гадавіны Краіне Советаў
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Чырвонаармейцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Краіне Саветаў (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРАІНЕ СОВЕТАЎ

Адзванілі званы на званіцах,
І збуцвелі, паніклі крыжы,
Знакі цемры-імжы.
Новы край тут паўстаў з навальніцаў:
Забурлілі другія крыніцы
На шырокай Совецкай мяжы.
У пустых дзірваністых абшарах,
Патапельніц і багны балот
Дзівы робяцца ў год:
Ажываюць аблогі-імшары,
Загараюцца зоры-стажары,
Асвятляюць вялікі паход,
І спяваюць вятры-самагуды
Гучным звонам у струнах дратоў,
На гітарах слупоў,
Што бягуць, як ганцы з Асінбуду,
Каб працоўнаму вольнаму люду
Прывітанне аддаць хоць без слоў.
Бурны рост. Цвёрды крок. Будаванне.
Зносяць межы ў палях трактары,
Новых дзён песняры,
Тут будуюць сваё бытаванне,
І сімфоніі працы, змагання
Пролетары, зямлі ўладары.
Не пазнаць, Беларусь, цябе сёння.
Разагнаўся працоўны твой люд:
Грукат, шум, гоман, гуд…
Пакацілася ліха ў прадонне.
А калі-ж ты, калі, Занямонне,
Адсвяткуеш свой дзень, як мы тут?
Дык дазволь-жа і мне ты, краіна,
Прывітаць малады твой разгон,
Песню-быль, казку-сон.
А ваякам тваім, хто загінуў
За свабоду, працоўных айчыну,
Мой журботны і нізкі паклон.

1930 г.