Нашы дні (1937)/З дарогі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Комсамолец Май З дарогі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Шчаслівая хвіліна
Іншыя публікацыі гэтага твора: З дарогі (Мінула шмат гадоў…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ДАРОГІ

(Прысвячаю Заходняй Беларусі)

Мінула шмат гадоў,
І многа змен за час той адбылося!
У подыхах вятроў
Шмат страчана гадоў,
Бы красак тых у выцвіўшым пракосе.

І часта, нібы ў сне,
Мінулае мільгнецца прад вачамі,
Як песня аб вясне,
Аб той, што колісь мне
Няяснымі звінела галасамі.

Пазбыцца гэтых сноў
І з‘яў былых не ў сілах я і сёння:
Не-не, ды успомню зноў
Той кут, дзе я даўно
Сагрэты быў пяскамі Наднямоння.

Я свет угледзеў там,
Пазнаў складанасць гам яго і тонаў.
Адчуў дзівосны храм —
Злучэнне блеску, плям,
Дзе ўсё дрыжыць, звініць, напеўным звонам.

І колькі з‘яў і чар
У памяці захована з былога!
Дзяцінства ясных мар
Прывабны скарб і дар,
Як першая ў жыццё мая дарога.

Хоць след пуцін маіх
Засыпан там ужо даўно вятрамі,
Я бачу, як жывых,
Мне блізкіх, дарагіх,
Замучаных панамі і царамі.

Дзяцінства сны мае
І вобразы пад нёманаўскім сонцам!
Як часта паўстае
І вабіць і пяе
Акорд, адспеваны і злучаны з бясконцым!

∗ ∗

Прайшоў час немалы,
К нам светлыя заглянулі дзянніцы,
А там, у бок сулы,
Драпежныя арлы
Дзюб звесілі ў панурай таямніцы.

Па сходзе многіх дзён
Я зноў зірнуў у вочы родным долам…
Зняменне, ціш і сон,
Убоства і прыгон,
За крыжам крыж, астрогі і касцёлы.

Зноў сунуцца з імглы
Забытыя малюнкі і настроі:
„Двухглавыя“ арлы,
Жандар, тупы і злы —
Прыпеўкі усё з той оперы старое!

Вось ён, другі жандар…
Нутро адно, хоць іншае аблічча:
Насунут брыль на твар,
Ён бог тут, ён тут цар
І „польскасці“ ахова ў прыграніччы.

Гляджу, лаўлю вакол
Знаёмыя і выцвеўшыя рысы.
Дзе-ж люд, ярэмны вол?
Спусціўшы вочы ў дол,
Ён ходзіць дзесь, адцёрты за кулісы.

Дзе-ж посуды паноў,
Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?
У дзвеньканні званоў,
У звоне кайданоў,
У свісце бізуноў,
У голадзе, асадніцтве, падполлі!

Дык вось які ты, край,
Прытулак мар і сноў маіх дзяціных!
Стары снуеш ты бай
Пра царскі, панскі „рай“,
Гаротная, знямелая краіна!

Пасечаны лясы,
І толькі хмыз на торфішчы буяе.
Загоны — паясы,
Ні сілы, ні красы, —
На тыя-ж галасы
Звініш зямля заходняя, старая!

І горкім палыном
Павеяла ад песні, ўжо забытай,
Мой родны край і дом
Пад белым пад арлом!
Нядоляю ты цяжкою спавіты.

І я, твой родны сын,
Чужынцам у табе сябе ўжо адчуваю
Прымі-ж хоць на ўспамін
Нататку з пуцявін —
Жальбу маю аб лёсе тваім, краю!

1935 г.