Нашы дні (1937)/Шчаслівая хвіліна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З дарогі Шчаслівая хвіліна
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Раскуты Праметэй
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьлівая хвіліна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЧАСЛІВАЯ ХВІЛІНА

Нясе маці з яслей сына,
Песціць яго, туліць
Ды варкуе з яснай мінай
Так, каб іх не чулі.

„Брыгадзір ты мой удалы,
Цвецік свежы макаў!
Як цябе там даглядалі?
Мо‘ ты ў яслях плакаў?

Не? не плакаў? Малайчына
Мой калгаснік слаўны,
Мой ударнік, хват-мужчына,
Трактарыст упраўны.

А я ў полі прыбіраю
Жыта ў перавяслы
Ды сама сябе пытаю:
Як мой сын у яслях?

А сынок мой чысты, мыты —
Маладзічок ясны!
І расчэсаны, глядзі ты,
Кудраў яго пасмы.

Вот мой сын які шчаслівы.
Як аб ім тут дбаюць.
Бо ты-ж рунь калгаснай нівы
У Совецкім краю.

А на лета мы адчынім
Яшчэ й сад дзіцячы.
Вось дзе будзе рай хлапчыне!
Вось дзе ён заскача!

А там цацак — падзівіцца!
Ды якія цацкі?!
Ты з іх зложыш дом з святліцай,
Клуб змайструеш хвацкі.

Падрасцеш — вучыцца будзеш
ІІ чым далей — болей,
А кім быці, сам рассудзіш
Сваёй добрай воляй.

Можа будзеш інжынерам,
Можа аграномам,
Бо-ж нам вольны ўсюды дзверы,
Дома і за домам.

Ці ты будзеш лётчык смелы,
Каб у небе плаваць,
Ды прастор яго знямелы
Поўніць лётнай славай.

Праляціш над нашым полем
Ты на самалёце,
Калі я там, мой саколю,
Буду на рабоце.

Загудзе машына ў небе
Пераможна-звонка.
Схісянецца збожжа ў глебе,
Сціхне ў нас гамонка.

Мы рукой прыслонім вочы
Ды зірнем у гору,
Дзе грыміць ён, дзе якоча
Самалёт маторам.

А ён мкне, напорны, бурны,
Грозным ураганам,
Потым робіць круг фігурны
Унь над тым курганам.

Ты скідаеш з самалёта
Мне на павітанне
Ліст ад сына, ад пілота
Калгасніцы Ганне!

Ото-ж матцы радасць будзе
За пілота-сына,
І пахваляць цябе людзі,
Скажуць — наш хлапчына!

Хлопчык з усміхам шчаслівым
Слухае матулю
І да маткі так жычліва
Шчочку сваю туліць.

1935 г.