Нашы дні (1937)/Заходняй Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Будзьма гатовы Заходняй Беларусі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
На варту
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заходняй Беларусі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Граніц няма шаленству катаў.
„Душы!“ „Даві!“
„Крыві! Крыві!“
Вот лозунг панскіх дэмакратаў.

Лютуе кат. Растуць магілы,
А на магілах — бур‘яны…
Краіны верныя сыны.
Клюе вас „ожэл“ белакрылы.

Працяты жудасцю астрогі,
І стогнам поўняцца муры…
Хвала вам, гонар, змагары!
Не зарастуць вашы дарогі.

Вас судзіць суд прадажнай зграі,
Дзе панскі зброд,
Сумленне кінуўшы за плот,
На „крэсах“ „цуды“ утварае.

А на тых „крэсах“ енк пакуты.
Гібее, чэзне там народ,
А той фашысцкі панскі бот
Ступае помсліва і люта.

О, Беларусь у польскіх межах!
Цябе распялі на крыжы,
Твой дом запоўнілі вужы,
І дзеліць кат твае адзежы.

Але ўсяму ёсць свая мера.
Надыйдзе неўнікнёны час,
І будзе суд загнаных мас —
Адплату ён нясе вам, зверы!

1932 г.