Нашы дні (1937)/Будзьма гатовы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да 15-е гадавіны Будзьма гатовы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Заходняй Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Будзьма гатовы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУДЗЬМА ГАТОВЫ!

Сышліся прэм‘еры,
Фашысты-бандыты,
У вузел спляліся адзін,
І ткуцца іх змовы
Праз чорныя ніты
На супраць Совецкіх краін.

Успенена мора,
Зямля ўзбунтавана,
І глуха віруюць віры.
Дзве хвалі, дзве плыні —
Варожыя станы:
Советы і захад стары.

Там крызіс лютуе,
Там крык безрабоцця —
Сістэма старая згніла,
Там побач з раскошай —
Галеча, лахмоцце
І бездані цёмнай імгла.

Тут — праца і творчасць,
І веліч разгону,
І яснасць пастаўленых мэт:
Змаганне ў імя
Вызвалення мільёнаў,
Каб сцерці прыгнечання след.

І блізіцца бура,
Бо круг іх замкнёны,
А разам ім месца няма.
Апошні бой грымне,
Той час неўнікнёны:
Гусцее варожая цьма.

Дзве сілы, дзве плыні:
Стары свет і новы,
І нельга тут згоды чакаць.
Працоўныя, чуйце
І будзьце гатовы
Сусветны Кастрычнік спаткаць!

1932 г.