Перайсці да зместу

Наша Ніва (1906)/1912/36/Людвік Кондратовіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Людвік Кондратовіч
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Наша Ніва. — 6 (19) верэсьня (сенцябра) 1912. — №36. — С. 4
Іншыя публікацыі гэтага твора: Людвік Кандратовіч (Ластоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Сырокомля).

Сёлета 15 верэсьня прыходзіцца 50 летняя гадаўшчына са дня сьмерці польскаго паэта Людвіка Кондратовіча (Сырокомлі), і ўсе польскіе газэты пасьвяцілі яго памяці большые або меншые стацьці, ўсе го́рача памінаюць памяць „наднёманскаго салавейкі“

Кондратовіч радзіўся 20 верэсьня 1823 году ў вёсцы Смолькове, Мінскай губэрні, бабруйскаго павету. Так, як і другі шырока вядомы польскі паэт, Адам Міцкевіч, Кондратовіч выйшоў з дробнай беларускай шляхты. Бацька Кондратовіча быў каморнікам, апасьля арэндатарам малога хвальварачку. Змалку Кондратовіч памагаў бацьку ў гаспадарцы; пазьней вучыўся ў Навагрудку ў кляштары; пасьля ешчэ служыў ў канцэлярыі упраўленьня радзівілоўскіх двароў ў Несьвіжы. Ажаніўшыся, займаўся гаспадаркай; сперша арэндаваў ад Радзівіллоў хвальварак Залуч, над Нёмнам, а за колькі год пераехаў у Борэйкоўшчыну графоў Тышкевічоў (нідалёка ад Вільні, дзе і жыў да самай сьмерці. Памер Кондратовіч 15 верэсьня 1862 году у Вільні.

Кондратовіч пісаў па польску, але дух яго твороў чыста мейсцовых, беларускі. У паднявольных народоў часам бываюць дзіўные моманты ў жыцьці, калі найлепшые сілы, найлепшые сыны ідуць скародзіць чужые нівы, чужые засекі багаціць. Ці мала наша Беларусь дала здольных людзей Польшчы на полі літэратуры затым толькі, што нас злучыла с Польшчай гісторычная доля? Але ўсе гэтые творы, хоць верхнюю адаежку — мову маюць польскую, адначэ сваей душой яны беларускіе. Кажу: беларускіе, — бо зацьвілі яны з народу беларускаго, з яго душы і думак

Швэдзкі паэт Рунэбэрг, каторы радзіўся у Фінляндіі, пісаў свае творы па швэдзку; цяпер, калі фінляндзкі народ адрадзіўся і пачаў жыць сваім асобным культурным жыцьцём, фінляндцы перэклалі творы Рунэбэрга на сваю мову і лічаць яго сваім народным паэтам. Гэтак і мы, беларусы, саўсім справядліва можэм шукаць адбіцьця сваей народнай душы у творах шмат якіх польскіх пісьменьнікоў, што былі родам з Беларусі, а ў першым чародзе у творах Міцкевіча і Кондратовіча. Гэта будзе ешчэ ясьней, калі мы звернем увагу, як беларуская душа, адбітая ў творах Кондратовіча у „Гутаркак“ (Gawędach) і лірыцы, не пасуе да душы польскаго народу, і як палякі яе не разумелі. У той час, калі шляхта на Беларусі зачытывалася творамі Кондратовіча, калі тут кожнае слово зпаходзіло адгалосак, кожны абраз-адбіцьце ў душах чытачоў. Польская крытыка сурова судзіла яго творы. Гэтак польскі крытык Бартошэвіч пісаў, што Кондратовіч дае „ніжэйшаго раду творчасць, а змест яго твороў убогі і прастацкі“: Станіслаў Тарноўскі пісаў, што у Кондратовіча, добрые толькі перэклады з лацінскай мовы польскіх паэтоў, а ўласная творчасць — мала вартая. — Затое павілі яго у граніцах колішняй Літвы, туг ён быў у сябе дома, і нават сам Кондратовіч называў сябе паэтам мейсцовым (domowy).

Апрача польскіх вершоў, Кондратовіч для нас беларусоў даў ешчэ і творы на чыста беларускай мове. Беларускіе творы Кондратовіча апрача-двох-трох кавалачкоў дагэтуль ешчэ не друкаваны. Часць рукапісоў беларускіх твороў Копдратовіча мае п. Коротынскі ў Варшаве, і кажуць, бытцым гэтые вершы маніцца выдаць адна з варшаўскіх кнігарэнь.

С папероў, астаўшыхся па Обуховічу (гэтае сама ніколі не друкаваўшым сваіх твороў, беларускім паэце с пад Слуцка), мы ведаем, што Кондратовіч многа пісаў па беларуску і пісаў хораша. Обуховіч пасылаў свае беларускіе вершы Ковдратовічу і сам прагледаў беларускіе вершы Когдратовіча; ў пісьме да Кондратовіча ён пісаў:

У гаворцы ёсць ружніца
Між маею і тваей:
Маей — пушчы, Птыч граніца.
Ты — Панарскі Салавей.

Власт.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.