Перайсці да зместу

Наша Ніва (1906)/1909/47/Сама самюсенька

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вывадзілі с села Сама самюсенька
Апавяданьне
Аўтар: Васіль Стафанік
1909 год
Арыгінальная назва: Сама-саміська
Пераклад: Рамуальд Зямкевіч
Ліст
Іншыя публікацыі: Сама-самюсенька

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сама самюсенька.
(З Васыля Стэфаныка).

У той хаце, што ляжыць пад гарой, як перакінуты на спіну хрушчык, лежала баба/ Пад боком быў мяшок, а пад галавой чорная, цьвёрдая падушка. Каля бабы на зямлі лежаў кусок хлеба дый жбанок з вадой. Дзеці, як ішлі на работу, пакінулі гэта бабе каб мела што есьці і піць. Беда была, дык ня было можно нічога лепшаго вышукаць бабе. А сядзець каля хворай у час рабочы, Бог відзеў, непадобна было.

Ў хаце гудзелі мухі. Садзіліся на хлеб і елі яго, улазілі ў жбан дый пілі ваду. Наеўшыся, садзіліся на бабу. Лезьлі ёй у вочы, у рот. Баба стагнала, але мух адагнаць не магла.

Лежала на зямлі і блудзячымі вачыма глядзела на крыж, на бальцы вырэзаны. Спячоные губы разявала с трудом, ды белым языком іх звільжала.

Праз вокны праціскалося сьветло сонца. Вясёлчыны фарбы гулялі па паморшчэным твару. Страх браў глянуць на бабу у гэтым сьветлі. Мухі гудзелі, рознацьветные сьветлы поўзалі разам з мухамі па бабе, а яна ляпала губамі, ды паказывала белы язык. Хата падобна была да нейкай зачарованнай пяшчэры з вялікай грэшніцай, каторая пакутуе ад пачатку сьвета і да апошняго суда пакутаваць будзе.

Калі сонцэ скацілося аж да ног бабы, калі ўжо стало каля гэтаго шнурка, каторым мяшок быў завязаны, баба зачала качацца па зямлі і шукаць жбанка.

— Глядзі, глядзі, ого!

Баба заціхла. Толькі рукой адганяла мары.

З падпечы вылез чорт з доўгім хвастом дый сеў каля бабы. Баба с трудом адвярнулася ад яго. Чорт ізноў сеў проці бабы. Узяў хвост у рукі і зачаў гладзіць ім бабу па твары. Баба толькі маргала вачыма, заціснуўшы зубы.

Нараз выляцела с печы хмара маленькіх нячысьцікоў. Павісьлі над бабай, бытцам шаранча над сонцэм, бытцам стада варон над лесом. Пасьля зваліліся на бабу. Залезалі ў вушы, у рот, садзіліся на галаву. Баба баранілася. Вялікім пальцам тыкала сярэдні і хацела іх так падняць к лабу, каб перэхрэсьціцца. Але малые нячысьцікі ўсе разам садзіліся на руку і не дазвалялі зрабіць хрэст над сабой. Стары чорт пагразіў нават бабе, каб глупства не рабіла.

Баба доўга баролася, перахрэсьціцца аднак не магла.

Наканец чорт абняў бабу за шыю і пачаў рагатаць, але так страшна, што баба сарвалася на калены дый тварам павалілася да вакна.

Ад гэтуль ляцелі на бабу ездакі. У зялёных світках, з люлькамі у зубах, на чырвоных конях. Ужо, ўжо наступяць, ўжо, ўжо бабі канец.

Заплюснула вочы. Зямля ў хаце траснула, баба кацілася ў шчыліну і падала у даліну. Ляцела ўсё ўніз і ўніз... Недзе ў нізу схапіў яе чорт, закінуў за плечы і як вецер з ёй палецеў. Баба торгнулася, дый галавой грымнула аб стол.

Палілася кроў, баба захліпнулася і памёрла. Галаву перакінула каля нагі стала і шырокімі памёршымі вачыма глядзела коса на хату. Чэрці перасталі гарцаваць, толькі мухі лізалі кроў раскошна. Паабраблялі сабе кроўю крыльля і што раз болей было іх у хаце чырвоных.

Садзіліся на чорных гаршкох пад печкай і на місках на паліцы, на каторых вымалеваные былі конные людзі ў зялёных світках, з люлькамі ў зубах. Усюды розносілі кроў бабіну.

З украінскай мовы пераклау

Ромуальд Зем-віч.