Нацыянальнае пытанне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нацыянальнае пытанне
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1918
Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 307—309.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У нашы часы нацыянальнае пытанне займае так выдатнае месца ў чарадзе агульналюдскіх праблем, што кляймо яго кладзецца на ўсе праявы людскога жыцця — і на палітыку, і на эканоміку, і на этыку, і на публіцыстыку, на літаратуру і нават на рэлігію, эстэтыку, псіхалогію, біялогію і г. д. і г. д.

Калі ж і чаму гісторыя высунула перад чалавецтвам нацыянальнае пытанне?

Адказ на гэтае пытанне дае нам гісторыя чалавецтва: «разнародныя тэрытарыяльныя і кліматычныя варункі ды розныя гістарычныя прычыны збліжалі, праз доўгі чарод сталеццяў, патомкаў родавых сувязей рознага паходжання. Большай часцю гэты родавыя сувязі гаварылі адной і той самай мовай, усваівалі болей альбо меней сходныя псіхалагічныя наклоннасці і некаторыя звычаі ды праданні. Гісторыя выдзялала ўтвораную гэткім чародам групу ад другіх падобных груп, пераходныя ступені між гэтымі групамі з часам занікалі, і ў выніку атрымлівалася асобная нацыя, — гістарычны прадукт чалавечага размнажэння, з аднаго боку, і культуры — з другога.

Як толькі на гэтым біялагічным і сацыяльна-гістарычным грунце тая альбо іншая нацыя адасаблялася ад другіх, паўставаўшых на той жа аснове, для яе пачыналася, як і для ўсяго жывога, змаганне — вайна за сваё бытаванне, а яе наступаючыя пакаленні перадавалі адно другому ў істоце вельмі просты наказ: барані свайго бытавання, колькі і як можаш, расшырай свой уплыў і пакарай сабе ўсё акружаючае, колькі здужаеш, паядай другія нацыянальнасці фізычна, палітычна або ўмыслова, колькі здолееш.

І чым энергічнейшая нацыя, тым лепей яна праводзіць першае. І чым яна чалавечней, тым меншае мае для яе значэнне апошняе. Гістарычная роля нацыі мерыцца здольнасцю яе ўплываць на другія нацыі, пры захаванні сваіх і чужых асобнасцей» (па Лаўрову).

Вышэй прыведзеныя словы як не трэба лепей абрысоўваюць самую істоту нацыянальнага пытання, біялагічна-гістарычную аснову яго, якой не могуць не прызнаць не толькі антынацыяналісты, але і нацыяналісты. Зрэшты, гэтыя апошнія, прызнаючы самыя факты, розняцца ад першых толькі тым, што кажуць: «Так павінна быць», дзе першыя кажуць: «Так не павінна быць».

Але адно факт, другое — ацэнка гэтага факта. Можна і трэба лічыць шкодным забабонам патрэбу ўзаемнага сцірання нацый, але нельга асуджаць варожыя адносіны адной нацыі да другой, не ўнікаючы ў тыя асновы розні, на якія ссылаюцца самі народы і іх ідэолагі ў апраўданне сваёй нянавісці да другіх народаў, а такжа трэба ўнікаць і ў істоту гэтай нянавісці, з мэтай хоць бы змагання з ёй. Прычын нацыянальных розней не раз трэба дашуквацца не толькі ў палітычных і эканамічных прычынах, але і ў этналогіі і этнаграфіі. «Этнаграфія і этналогія, — кажа Шпрынгер,— яўляюцца неўнікнёнымі спамагаючымі навукамі для нацыянальнага палітыка. Яны выяўляюць і выясняюць прычыны развіцця і ўпадку нацый і даюць, гэткім спосабам, рукавадзячыя наказы палітыкам, якія кіруюцца дапамагчы развіццю нацый».

Этнаграфія і этналогія даюць багаты матэрыял дзеля суджэння аб тым, як неабаснавана расавая нянавісць, як несправядліў і няправен гнёт адной нацыі над другой, як фальшыва даволі пашыранае перакананне, што ёсць народы «вышэйшыя» і «ніжэйшыя», «лепшыя» і «горшыя», «выбраныя» і «барбарскія». Бо большае або меншае культурнае развіццё народаў варункуецца ходам яго гістарычнага жыцця і геаграфічнага палажэння. Народы, спрамогшыеся на незалежнае дзяржаўнае жыццё, зазвычай маюць спрамогу і да культурнага развіцця, і з утратай незалежнасці кожны народ трапляе пад уплыў пераможцы і памалу загубляе сваю індывідуальнасць, а разам з ёй і сваю індывідуальную культуру.

Пакідаючы ў старане этнаграфічныя і этналагічныя прадпасылкі, нельга не згадзіцца з прафесарам Градоўскім, «што нацыянальнае пытанне перш за ўсё гэта пытанне аб варунках культурнага развіцця народа (разумеючы пад словам «культурнае» і духовае, і палітычнае, і эканамічнае). Кожная народнасць — гэта зборная асоба, розная ад другіх асобнасцямі свайго характару, сваіх матэрыяльных і ўмысловых здольнасцей, а дзеля гэтага маючае права на незалежнае жыццё і развіццё. Разнароднасць нацыянальных асобнасцей — гэта фундаментальны варунак здаровага ходу агульналюдскай цывілізацыі». У імя агульналюдскай цывілізацыі «ўсе народы прызваны да працы і жыцця. Кожная народнасць павінна даць чалавецтву тое, што захавана ў сілах яе духова-матэрыяльнай натуры. Народная творчасць — гэта найвышэйшая мэта, паказаная народу самой прыродай, мэта, без каторай не можа быць дасцігнута дасканальнасць чалавечага роду». Але побач з гэтым, — заўважае той жа Градоўскі, — права народнасці на індывідуальнае развіццё, на сваю гісторыю, «аставалася б мёртвай літарай, калі б зрэалізаванне яго не абеспячалася б кардынальным варункам — палітычнай незалежнасцю народа».

Значыць, тэарэтычная пастаноўка нацыянальнага пытання зводзіцца да таго, што няма на свеце народаў «горшых» і «лепшых», а што за гэтым ідзе, — няма апраўдання ніякаму гнёту дужэйшых народаў над слабейшымі, што кожная нацыянальная індывідуальнасць тэарэтычна мае права на культурнае — у шырокім гэтага слова значэнні — развіццё і, у канцы, правільнае, здаровае развіццё нацыі павінна быць абяспечана палітычнай яе незалежнасцю.