Перайсці да зместу

Нараджэньне чалавека (1931)/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пролёг Частка першая
Вершаваны раман
Аўтар: Андрэй Александровіч
1931 год
Частка другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА

1

I

Сілай разьюшанай цемень лягла
На гарадок пакалечаны.
Зьвісла навалай, лягла, як скала,
Расправа злачынцаў адвечных.
Вецер узьняўся. Усхліпвае дым
Трывогай, як лезьвія, войстрай.
Тлеюць руіны… Галосяць сьляды —
Крывавыя плямы забойства.

Сьцелецца валам атручаны чад
Злодзеяў, першае сотні.
Рвуць-разьдзяваюць жанок і дзяўчат,
Рвуць у глухіх падваротнях.
І хмелем песьні
Несьлі весьці
Ў даль,
Наўзлом —
Свабода
І
Пагром.
… Бо …
… Гром …
Гэй, хлопчыкі,
Дуйце ворага,
Рэволюцыя прышла—»
Люба-дорага!
І раптам выбух:
Бумм…
Зьвізз…
Слуп тэлеграфны на краму зьвіс.
Гэй, птушанькі,
Лёту дальняга,
Рэволюцыя прышла
Дасканальная!
I чуецца блізка ўжо:
Бах!.. Бах!
Што набліжаецца —
Радасьць, ці жах?

2

Тлеюць руіны…
Як сэрца баліць!
Гнуцца да долу калені.
Плача Марылька… Імкненьні цьвілі
Юнацкая радасьць — імкненьні!

Вясёлыя думкі віліся даўно
І нікнуць у сэрцы надломах.
Яно ўжо заўсёды, чакаеш адно,
А выйдзе зусім па другому.

Думала так: перакруціцца час,
Жыцьцё закрасуе іначай.
Дый гэтая зорка,
Агонь гэты згас.
Тлеюць руіны.
Плача.

Галосіць над бацькавым целям яна,
Ад роспачы сьлёзы застыглі.
Тлеюць руіны.
Цемень.
Адна.
Бацькі ня стала…
… Забілі.

Як дзікай травою зямля парасла —
Бяда заўладала дзяўчынай.
Стромкая сіла імкненьняў расла —
Дачка беларускай краіны.

Месяц, як быццам на варце патруль,
Сеў ля вакна камяніцы.
На вуліцы зноў
Завываньне куль,
Блізіцца зноў навальніца.

Лямант і крыкі
Лямант бяз слоў!
Кулі ў віхры вар‘яцелі…
Як сьлёзы, лілася дзявочая кроў
Гарачай істужкай па целе.

Скроні закрылі вугальле вачэй,
Рукі халоднымі сталі.
Крывавыя кроплі
З дзявочых грудзей
На бацькавы грудзі сьцякалі.

3

І раптам па бруку
Грукат,
Як град.
Гоніцца
Коньніцы
Дружны атрад.
І незадоўга,
Яшчэ да сьвятла,
Чырвоная армія
Ў горад прышла.

4

Рана-рана сонца ўстала,
Глянула на горад,
Дзе пранеслася навалай,
Чорным віхрам гора.

На калені моўчкі сталі
І праменьні-стромы,
Дзе бяду параскідалі
Ветры бураломы.

Пачарнелі камяніцы —
Дым зьлізаў іх фарбы.
Спапяліла навальніца
Сьцены нашых фабрык.

Сказ аб гэтым ліхалецьці
Нашым пакаленьням —
У курганах лютай сьмерці,
Ў помніках-каменьнях.

Гвалтаваў, паліў і грабіў
Кат-белагвардзеец:
Вочы — яма, рукі — граблі,
Твар — крывёю рдзее.

Сьмерць, руіны і праклёны
Каменем на грудзях…
Дзень прыходу войск чырвоных
Сьветла ўспомняць людзі!

Рана-рана сонца ўстала,
Глянула на горад,
Дзе пранеслася навалай,
Чорным віхрам гора.

Сонца, сонца, ты скажы нам,
Ты скажи, скарыся,
Дзе падзелася дэяўчына, —
Зваць яе — Марыся?

5

Вецер промені палошча
Ў хвалях росных, на зарэ.
Белы дом стаіць на плошчы,
Ў ім паходны лазарэт.

Колькі раненых на нарах,
Колькі змораных, слабых!
О, нязьлічаць санітары
Раны лютай барацьбы!

З нар адных — у сутарэньне,
(Будзь ім лёгкая зямля!)
Знойдуць іншыя збавеньне
На дубовых кастылях.

Ля вакна ў руках бясьсільля
(Нары № 23),
Быццам труп, ляжыць Марыля,
Сіні колер твар пакрыў.

Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі,
Точыць смага, цяга піць.
Толькі вочы не патухлі —
Зіхацяць жаданьнем жыць!

Заглядзеліся на неба
Дзе сузор‘е тчэ вянок…
„Зоркі ясныя, што небудзь
Раскажэце, мне адной“…

Вусны лістам затрасьліся.
Заблішчэла скрозь сьлязой.
„Зноўку буду, як калісьці,
Буду дужай, маладой!
А мой мілы, дзе ён, дзе ён?
Падышоў-бы, даў руку“…
Зараніцы-веснавеі
Маладую радасьць ткуць.

— Не! Няма! Няма нікога!
Разлучылі? Разам? Не!
Што? Скрываўленай дарогай
Здані йдуць забраць мяне?
Во, ўжо блізка…
Шаль на тварах…
Па маю ідуць душу.
Я іду… іду.
— Таварыш,
Супакойцеся, прашу.
Ня нэрвуйцесь, калі ласка…
— Дзе я? —
— Сьцішся, добрай стань.
Зараз зробім перавязку. —
Ўжо разьвеялася здань.
І ня болей, толькі тыдзень,
Адганеце сьцень журбы, —
Скінем бінт, а там надыйдзе
Час — здаровай, дужай быць!
Вось пакуль гарбаты кубак,
Пакаштуйце, вось сухар.
— Дзякуй шчырае за любасьць
Вам, таварыш санітар. —

— Адпачнеце. Добрай ночы…

Коўдру начай палажыў.
Погляд стомлены, дзявочы
Сваім смуткам варажыў.

А ў палаце нясупынна
Стогны, енкі, цьмяны сьвет.
Не вясёлы той будынак,
Дзе бальніца, лазарэт.

6

Прабеглі дні на крыльлях сакаліных
І рассыпаліся зорамі ў начы.
Марыля ўстала.
Кволая дзяўчына;
Дзе ёй гора горкае змагчы?
Сьцюдзёны вецер вые дзікім воем,
Слабое сэрца скручвае агонь.
Слоў няма.
Надломана здароўе.
Куды ісьці?
Куды і да каго?

А горад стаў інакшым, непадобным,
У ім нязвычны рух,
І радасьць новых слоў.
О, ты, Марылін, лёс!
Чаму яна галоднай
Ідзе сярод квітнеючых садоў?
Ідзе самотная, ідзе глухім завулкам, —
Можа блізка дзе знаёмыя жывуць?
Можа пашчасьлівіць
Там —
Знайсьці прытулак?
Можа прымуць ласкава,
Згінуць не дадуць?

І, як тыя птушкі, думанькі крыляцца:
„Можа прымуць ласкава,
Згінуць не дадуць.
Я шукаю шчасьця,
Шчасьце — гэта праца,
Адшукаю працу — здужаю бяду!
I знайду, Рыгорка, любы мой, адзіны,
І цябе і долю — я знайду ў жыцьці…“

Хто пачуе шэлест дум дзяўчыны?
Хто паможа шчасьце ёй знайсьці?

Неўспадзеўкі зьдзіўлена Марыля задрыжэла
Яе спыніў, нагнаўшы санітар.
— Куды вы ідзецё?
Шкада вас… будзьце сьмелай,
Хадзем са мной, прымеце гэты дар.
Знайшоў прытулак вам,
Знайшоу вам у знаёмых.
Пашто блукаць завулкамі
Бяздомнай?

Схіліла галаву.
Сьлёзы наплылі.
Пайшлі.

7

Санітар Аўзор Дарубашвілі
Жыве багата ў гэткі трудны час.
Аб ім шапталіся, казалі, гаварылі…
„Нешта ёсьць“ — насілася ня раз.

І цяпер вісяць на вуснах чуткі,
Быццам нейдзе нейкі загавор.
Панавалі зграяй гутаркі-пагудкі,
Шыта-крыта-хітра працу вёў Аўзор

А яшчэ ніхто ня чуў ні разу,
Што пад прозьвішчам чужым схаваўся ён,
Што былы памешчык ён Каўказу,
Профэсыянальны
Шпіён.

Адны жывуць з пайка і гэткіх многа,
Сядзяць бяз хлеба — і ні адзін дзянёк.
А ў Дарубашвілі — хлеб, што дня бэфстроган —
І для апэтыту — „дубнячок“.

Ён даляры з ласкаю прыветнай
Атрымоўвае за „пару цёплых слоў“.
А словы простыя — (коратка й конкрэтна)
Колькі ў нас адзетых, колькі без штаноў, —

Дзе ў акрузе войска разьмясьцілі,
Як узброены Чырвоны гарнізон.
Весткі гэтыя зьбіраў Дарубашвілі —
Профэсіянальны
Шпіён.

8

Жыла ня ў роскашы,
З маленства гэтак звыкла,
Штодня за працтй час праводзіць свой,

І на дванаццаць вушак
Лапці з лыка
Насіла-ўвязвала
І ўвосень і зімой…
А тут жыцьцё… „з губэрскім громофонам“,
І весела, галоўнае і сытна…
— „Эх, д‘ябла, яблычка,
Як вырвацца з палону?
К чужому берагу
Жыцьцё маё прыбіта…“

О, яе шануюць, даглядаюць, сочаць,
Каб расла, як вішанька ў поўны цьвет.
„Ты бяры, Марылька,
Ты бяры, што хочаш,
Што такая сумная?
Што-о? Сакрэт?

У бядзе ліхой яна,
У руках Дарубашвілі,
І, па ўмовах, змушана
Жонкай стаць яго.
Дый ня будзе, не!
Яшчэ ня згас у жылах
Крыві юнацкае заранкавы агоны

Навокал руіны,
Прогладэь пануе.
За кавалак хлеба глумныя чаргі
Іх яна ня ведае,
А толькі сэрцам чуе,
Не Аўзор ей пара —
Ой, другі, другі…
За вакном Марылька томіцца ў палоне.
І зазьзялі скроні,
Як расой трава…
— Эх, жыцьцё праклятае!
И на падаконьнік
Дзявочая
Павіела галава.

9

Красавіковы вечар.
З правага боку ўзышоў маладзік.
Подыхам ветлівым вецер павеяў,
Гушкаўся на дроце,
Як белка гульліва,
Ў зарасьлях рослых дрэў.
Аўзор і Марылька ў прагулку за горад
Завулкамі моўчкі ішлі.
… Яшчэ вярста — яны завярнулі
На могільнік брацкі, заросшы.
… Марыля заплакала, сьлёзы здушылі:
Тут бацька пахованы, брацкі курган;
Тут бацька Марылі, тут дзеці Масквы,
Варшавы, і Менску, і Кіева.

Аўзор зьняў шынэль. Сядзяць у дваіх.
Вочы ад плачу набраклі:
Па бацьку ручыліся сьлёзы яе,
Па жыцьцю па свайму сіратліваму.
Яе суцяшаў, супакойваў Аўзор,
Абняў, прытуліў, усьміхнуўся.
Поле наўкола, ў высі маладзік,
Агнямі віднеецца горад.
Абняў, усьміхнуўся, нясьмела сказаў:
— Чаго-ж ты, згаджайся са мною.
Будзем шчасьлівымі, будзем удвох,
Згаджайся любоў мая ясная…
Марыля ўздыхнула… Зноў вецер падуў
Прахладаю змрочнай расы.
— Слухайце доўгую казку жыцьця,
Слухайце і зразумейце.
Добра я помню, было як цяпер,
Зьбіралася вёска на жніва.
Колькі той радасьці зьняць ураджай,
Хоць зямлі — на гадзіну работы!

А выла вайна. Наступалі немцы,
І раптам уночы, о, жудасьць!
Рвуцца гранаты! У вёсцы крык.
У агні саламяныя стрэхі!
Лямант! Трывога!
Выбух за выбухам…
Скача агонь па сядзібах.
Так хочацца жыць, а блізіцца сьмерць.
— Уцякаць! — пранеслася вёскай.

Доўга блукалі… Hi хлеба, ні працы.
Голад, як цень, неразлучан.
Бежанцы! Бежанцы! з торбай жабрачай
Колькі ня стала іх, згінула!..
Жыцьцё маёй маці ў дарозе забраў
Вошазубы бязжаласны тыфус.
Бацькі ня стала. Цяпер я адна,
Адна, што гарох пры дарозе…
Жыву толькі ўцехай, надзеяй аднэй,
Што страну Рыгора ўлюбёнага.
Яму прысягала… Ён мне прысягаў,
Калі забіралі ў салдаты.
Чула нядаўна, ён служыць цяпер
Лётчыкам недзе ў чырвоных…

— Марылька, цябе-ж я люблю як ніхто!
Мы будзем шчасьлівы, згаджайся!
— Люблю я Рыгора!
Ён верны мне.
Чакаць яго буду да сьмерці…
Агнём засьвяціліся вочы яе
Ў забыцьці на грудзёх Аўзора.
А што яму? Не каханьня кліч
Ён чуў з свайго хітрага сэрца.
І сьціснуў яе, загарэўся, рваў,
Як зьвер той разгневаны, страшны.
Імкнуўся дзяўчынай сілком заўладаць,
Ён рваў яе кофту, шукаў яе твар,
Гатоў, задушыць, няпрытомны.
Дый сілу сабраўшы, рванулася з рук, —
Як выбухам крык астатні.

10

— Быць мне жонкаю Аўзора?
Ой, ніколі, не!
Як прыгожа зьзяюць зоры,
Сьцелюць шлях вясьне…
Згіну я адна-адненька
Харчам груганам.
Альбо палкае імкненьне
Любаму аддам.

11

— Хто мае жаданьні здолеў
Зьнішчыць, загасіць?
Ня было таго ніколі
I таму ня быць!
А калі дукатам звонкім
Скарб мой падміргне —
Будзе мне пакорнай жонкай,
Будзе жонкай мне!

12

Рабочая пара. Праца — поўны ход.
А гарадзкая шляхта
У кельлю кляштара
Зьбіраецца на сход.
Як знак на збор,
Заенчыў звон.
Прышоў Аўзор,
За ім і ксёндз.
А за ксяндзом,
На ўмоўны звон,
Грунём —
Шпіён…
Б‘е званар,
Галосіць звон.
Бяжыць гандляр
Іларыон.
За ім яшчэ,
З усіх старон,
Што крок шпарчэй,
Шпіён…
Апушчаны шторы.
Змрок.
Вочы Аўзора —
Электраток.
Дух стаілі.
Сядзяць у рад.
Аўзор Дарубашвілі
Чытае даклад:
— Паны! Зьбірайма болей сіл!
Настаў рашучай схваткі момант!
Нам загад —
Разьбіць чырвоны тыл.
Бальшавіцкі тыл
Быць павінен зломан!
Набліжаецца панове, першамай,
Яны рыхтуюць дэманстрацыю, бясспрэчна.
А мы ўзарвем завод тарчма,
Раскінем прэч
Цаглянаю карцеччу!
Да насельніцтва лісткі надрукаваць.
Ня даць народу, строіцца ў колёны.
Ўзарваць масты.
Павінна і царква
Скарыць народ сваім сьвятым законам.
І так — саветам сьмерць!
Зьбірайма болей сіл!
(Заводаўласьнік:
— У гэтым наша змова.
Ксёндз дадаў:
— Атруцім тыл…)
Хто просіць слова?
— Я! Дазвольце?
Слова ўзяў гамдляр.
Асіплым голасам, нібы пасьля хваробы?
— Заўчора, ўвечары, мясцовы камісар
Зрабіў з чакістамі ў мяне нахальны вобыск.
I вось бяда! Ці-ж лёгка расказаць!?
Пазабіралі золата, даляры. —
— О, вакханалія!
— Дзе-ж сілы, каб стрьіваць? —
Аўзор сьцішаў:
— Зьністожым камісара!
О, браты! Вялікі наш згавор
Мы мусім выканаць!
— За нас усе сьвятыя!
— Ў суботу ўвечар збор.
— З намі бог! За Расію!
— З намі бог! Ажыцьцяўляйце мэту!
Аддзячыць нам
Зьняволены народ.
Выведвайце, што робіцца ў саветах
Зачыняем сход.

13

Аўзор і
Джон Кейтан
(На выгляд суровы,
Тутэйшы настаўнік ангельскае мовы).

Выйшлі абодва… На вуліцы цёмна,
Ссутуліўся Джон, акуляры працёр.
— Містэр, часамі, здаецца, жыцьцём нас
Абгоніць сучаснасьць? Чаму так, Аўзор?

Багаты я сілаю волі і сродкаў,
Адно вось надоечы ў сэрцы, на дне,
Пачуў, што ўстаяць перад валам паводкі,
Не зразумела, няўсілах мне.

Заўсёды я быў, так сказаць, к анархістым,
Цяпер выканаўца і нават слабы…
— Ня трэба, мой дружа, хадзіць пэсымістым
Калі набліжаецца час барацьбы.

Упэўненасьць — гэта найлепшы прыяцель.
А смутак — нікчэмна-дакучлівы госьць.
Але, можа кроплі халодныя, браце,
Кроплі праўдзівасьці маюцца, ёсьць…

— Ну вось вам, шаноўны (размахвае стэкам)
Трэба нам пошту даставіць — бяда:
Ня маем надзейнага мы чалавека;
І грошы ідуць і людзей ня відаць.

Таму і настрой неастоісты гэткі.
А пошту нам трэба даставіць, ці не?
Уздрогнулі бровы, затрэсьліся векі,
Аўзор схамянуўшыся:
— Ёсьць у мяне
Дзяўчына. Яна завязе гэту пошту.
Бліскучая думка: ніхто — як яна!
Будзем спакойны, таму й танным коштам
Командыроўка абыйдзецца нам.

Кейтан пачухаў сваю экспаньёлку,
Спытаў недаверліва, шэптам сухім:
— Знаёмая вам? Мо‘ яна комсамолка?
(Жанчын ня люблю я. Ня веру я ім.)

Аўзор загарэўся раптоўнай ідэяй…
To be or not to be![1] Як гаварыў Гамлет.
...............
Зайшоў Джон у школу (у школе жыве ён)
I вынес Аўзору ружовы пакет.

14

У садку, сярод зарасьляў дрэў,
Сьвітаньне прадвесьні шматкрылай.
Аўзор і Марыля… Ветра павеў
Будзіць пачуцьці і сілы.

— Як хораша тут! Хто жывы, малады,
Ў таго сэрца, як птушка, ў палётах,
Марыся, — бягуць за гадам! гады,
Маладосьць засьцілаеш маркотай.

Згаджайся! Пашто прымушаеш прасіць?
Інакшай, шчасьлівай ты станеш…
— Пакіньце мяне.
Я ня дам загасіць
Агні маёй веры каханьню!

— Наіўная вера. Рыгор не для нас.
Паслухай мяне і згадзіся.
Паедзем, як сокалы, жыць на Каўказ,
Там сонца…
Там горы…
Марыся!

Ад працы, ад гулу ўцячэм мы далёка.
Сябрамі нам будуць і зоры і сокал.

Аул сабе знойдзем у скалах маўклівых,
Нам весела будзе, мы будзем шчасьлівы.

Час зварухнуцца,
Жыцьцё маладое!
Досыць схіляцца цнатлівай журбе!
Трэба, каб новыя думкі, настроі
Табой заўладалі, прышлі да цябе.

Мяне не чурайся… Глянь шчыра мне ў вочы
Тугу непатрэбную кінь, адгані.
Табе, надаронай красою дзявочай,
Адно толькі ў радасьць зьвіваць свае дні.

— Чуйце, ня думаю вас я чурацца,
Але… прашу, як быццам сястра,
Дайце, ў знак дружбы, мне добрую працу,
За працай і зоры іначай гараць.

— Знайду, бязумоўна.
Цяпер калі хочаш
Расьсеяцца крышку, пабачыць людзей,
Зьезьдзі ты ў горад, для ўцехі дзявочай,
Удружыш і мне і сабе весялей.

З сабою табе дам пакет невялічкі —
I ўсё даручэньне: прыедзеш, здасі.
Сама пагуляеш.
Адкінь гэты звычай
Стаяць,
Наснагляць,
Угаварваць,
Прасіць.

Яна адмаўлялася, ўсё ёй ня міла,
Дый думка раптоўна запаланіла:
— Пры чым тут пакет? Я выеду ў горад,
Магчыма пра любага ўчую Рыгора.

I думка здалася такою прынаднай,
Пачуць пра Рыгора — якраз цяпер снадна.

I згоду дала.
I Аўзор навучаў,
Як завезьці пакет, каб ніхто і ня знаў…

15

О, колькі радасьці! О, шчасьце, цераз горы,
Аўзор Марыльку шле ў вялікашумны горад.

О, колькі радасьці! Марыля ўбачыць сьвет.
Аўзор праз дзеўчыну оакрэтны шле пакет.

Бяжыць цягнік. Калоціцца вагон. Марылька і ня ведае,
Што і яна
Шпіён.


  1. Быць ці ня быць.