Над нядоляй Тваёй не заплачу…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Над нядоляй Тваёй не заплачу… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1924 |
* * *
Над нядоляй Тваёй не заплачу
І на свой не пажалюся лёс,
Хоць і ведаю — доля лядача
І балюча, часамі, да слёз.
Хоць і ведаю сум і утому
І не раз давяраўся мане,
Ды ці ж мне выгалошваць жывому,
Запяваць паніхіднае мне?
А ніколі, ніколі, ніколі:
Мы — не вецер распачны зімой;
Ты — застанешся верная волі,
Я — на варце нязменна з Табой.
Ні часіны не кінем змагання;
Не аслабне, не здрадзіць далонь:
Хто заквечаны кветам кахання,
Той нянавісці знае агонь.
Чым гусцей над Табой пацямнее,
Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, —
Тым запальней здымацца ўзмацнее
Мой кароткі караючы меч.
(1924)