Наддзьвіньне (1926)/На мяжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вершы На мяжы
Абразок
Аўтар: Андрэй Александровіч
1926 год
Вершы
Іншыя публікацыі гэтага твора: На мяжы (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ.

На мяжы.

Прысьвячаю вучням Ветрынскай сямёхгодкі.

Павольна, а то і са сьвістам,
загудзіць верхалінамі вецер;
непакорлівы вецер, сьцюдзёны
з узгор‘яў заходняй Дзьвіны.
… Пад нагамі Буланага сьнег хрушчыць — заліваецца,
шэры, стоптаны сьнег.
Дарога санная…
Дарога нудная…
Дарога доўгая…
Спакойныя, вечна, вазёры скаваныя сінім лёдам,
зацярушаны сьнегам імглістым. Вербалозьзе,
бярозкі сагнуўшыся, зьледзянелыя моўчкі хістаюцца.
няпрыветна.
Пуста.
Звычайна.
Прасторы бязмежныя сьнег сьпеленаў, дзе-ні-дзе
Сьцяной цёмнаю лес стары,
Задуменна — сумна пакажыцца.
Калыбаю чорнаю хмары ляглі
на грудзі зямлі асьнежанай,
Няпрыхільна…
Цягуча…
Туманна…
— Яшчэ вярста!
— Яшчэ адна
і за мяжою:
жудасна…
Цікава…
Крыўдна…

II.

Мястэчка —
панурае, старое, клапатлівае.
Драўляныя, чуць згорбленыя хаты
як-бы ўрасьлі ў бель-сьнежную зямлю,
Мястэчка…
беднасьць…
імкненьне жыць!
Дарогаю спаткаў, як талесы, сізога гандляра.
Ен хадзіў па вуліцы, углядаўся ў неба,
церабіў бародку і, відаць, маліўся.
— Спакойны дзень, спакойнае зкыцьцё, —
так думаў крамнік, думаў так гандляр.
У хаце, на стале, пад абрусам маца;
у школе ён спакойна малітву прачытае,
з суседам здолее гішэфт абгаварыць.
Пройдзе пэйсах, пройдзе сьвята,
адчыніць крамку зноў…
зноў капейку да капейкі, так, гэтак,
дзе там гандаль, — «Эт, спакойнае жыцьцё».
Незадоўга — недалёка гоман неўгамонны,
радасна — вірлівы прывабіў да сябе.
Пайшлі. Спыніліся, забаўна.
Кучаравыя дзяўчаткі і хлапцы
цешыліся першым сонечным праменьнем.
— Вясна ідзе! Ідзе вясна жаданая,
закрасавалі вочкі дзетак хараством вясны.
Дзеткі жыцьцёрадасныя, бедната сялянская,
гульліва карагодзяць — забаўляюцца.
Разгаварыліся, зайшлі у школу, школа беларуская.
Цікавяцца, пытаюцца:
— а ці вялікі Менск?
— а як жывуць і вучацца там дзеткі?
— Ці многа кніг у горадзе вялікім?
— Ці бачылі, хоць раз, вы, Коласа, Купалу?
І чытаюць вершы, з любасьцю чытаюць,
з гордым хараством, мовай чыстай, роднай.
Дзеткі любяць вершы!
Любяць вершы —
калі льлюцца плаўна,
калі льлюцца думкамі радасьці, жыцьця.
А за вакном віднеецца пахілая бярозка.
Стаіць у нярухомасьці заклятай,
і быццам-бы баязьняю ссутулілася, плача.
Зямелька наша!
Па дарожцы-сьцежцы зараз, вось цяпер,
хацелася-б пайсьці і страсануць, каб залілася
радасьцю бадзёраю, юнацкай,
пакрыўджаная, сумная бярозка.
— О, не! Сягоньня ты ня пройдзеш, цябе ня пусьцяць,
ты ня маеш права.
Першы раз!
Першы раз, на дваццатай вясьне
жыцьця вясёлага свайго,
пачуў, як моцна сэрца сьціснулася жалем.
— «Цябе ня пусьцяць, ты ня маеш права», —
а там пануе вораг і табе ня можна
пайсьці і сьцяць яго імкненьне да крыві.
Бедная зямліца!
пакрылася ты колерам крывавым,
пакрылася сьлязьмі нявольнікаў — братоў.

III.

… З гурбой заўсёды бурнаю,
з шустрай дзетварою,
пайшлі, як-бы вясёлыя,
на мяжу — граніцу.
Засьпявала песьню дзетвара сялянская,
а ў мяне на сэрцы смутак зашуршаў.
Глянеш, роўніца-раўніна
няма ні ўзгорку ні купінкі,
— мяжа.
Стаіць з арлом двухглавым шэры слуп,
у некалькі радоў працягнен дрот калючы,
у крокаў тры ад нас стаіць паляк-жаўнер,
— мяжа.
Непадалёку, блізка вёска выглядае,
стрэхі саламяныя, вось які тут, у нас,
а па-за хатамі палі бязьмежныя,
— мяжа.
Змоўклі дзеткі, вочы патупілі,
крыўда спавіла,
— мяжа.
Ім цяпер ляцець-бы з сілаю наперад,
узьлётам думкі, імкненьнямі жыцьця.
Ахапіць сусьвет, захапіць узвышша
і новае сваё стварыць, узьняць,
— мяжа.
Дзетвара сялянскай беднаты,
надзея нашай бацькаўшчыны вольнай.
Надыйдзе час, віхры ўзьвіюцца,
і толькі ў памяці застанецца
— мяжа.

IV.

І сьнег, як хмары, шэрым стаў,
І вецер подыхам прадвесьні
калыша сінь лясоў.
Ідзе вясна!
Яна аздобіць радасьцю жыцьцё радзімай стараны,
загоіць раны сэрца,
павевам шчасьця спавіе.
І сонечны, як дзень вясны, я бачу ў думках
родны край.
Гордым пералівам пальлецца песьня Сонца.
Вясна ідзе!
прыдзе,
верым:
Радасьць,
Сусьвет,
Сонца.

Полацак, ліпень 1926 г.