Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/IV/Тэстамэнт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліюцца песьні Тэстамэнт
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Кавэрня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЭСТАМЭНТ.

Калі мой дух пазве Бог за магілы,
Калі змагаціся ня стане мне ўжо сілы,
Калі цяжкі дзірван залягне надамной, —
„Зямліца родная, ты будзь тады гарой!..

Апошнюю малітву да Бога я нясу,
Сьлязамі горкімі я сэрца парушу,
Каб божы голас мне пачуці над сабой, —
„Зямліца родная, о будзь-жа ты гарой!“

Славян абрад маніўся я прыняць,
І роднай моваю Дажбога праслаўляць…
А мо‘ сябры мае пайдуць калі за мной, —
„Зямліца родная, ты будзь тады гарой!“

Свае я творы даю дзеля „культуры“,
Клюшчанам шлю паклон. Там натуру
Беларуса я палюбіў і там са мной
„Зямліца родная была разок гарой…“

Майно маё, прашу, жыдкам прадайце,
А з грошай доўг даўнейшы мой аддайце,
І есьлі хто заплача надамной, —
„Зямліца родная, ты будзь тады гарой!“

Маю адзеж вятрыце да ахвоты,
Для дэзынфэкцыі, бо зьмёр я на сухоты,
І сумна мне было ў нядузе тым парой, —
„Зямліца родная, ты будзь-жа, будзь гарой!“

Айцы, браты, а так-жа вы сястрыцы,
Так не бядуйце йзноў, бо добра мне ў зямліцы,
Прашу-ж, каб ня было дзярно чужое надамной,
„Зямліца родная, ах будзь-жа ты гарой!

Я ворагаў ня меў, калі-ж хто быў мне зімны,
Няхай растае ўжо як лёд, бо быў бы дзіўны,
Што злуе йшчэ падчас, калі ўжо над сабой
Пачуў, што „Беларусь пайшла такі гарой!“

Прыяцелям сваім адно я слова скажу,
Ім мэту родную ад сэрца я пакажу:
Калі радзіўся ты шчасьліваю парой,
Працуй, каб „Беларусь йшла наўсьцяж гарой!“

А тым, што як вужак асьліняць нас ядліва,
То жартам панскім, то замовай агідлівай,
Скажу, што будзе час, калі прытоптаны нагой,
Вы скажыце: „Вось Беларусь пайшла аднак гарой!