Быў муж, Самсонам яго звалі.
Асілак знаны ўроды непамернай,
І добры быў. Усюды яго зналі
Так з сілы, як і з волі нямізэрнай.
Ен ворагаў лажыў арліным сваім зорам,
Ен аткрываў благія іх задумы;
Змагаціся гатоў быў з сушай ён і з морам,
Пакорны львы яму і дымныя самумы.
Было й дзяўчо між філістынаў люду
Далілей звана, з пышнымі касамі,
Фігурай стройнай, зорам моў-бы з цуду,
Нязмучаным ніколі горкімі сьлязамі.
З варожага народу Самсона палюбіла,
Асілка стройнасьцей сваей ачаравала.
Самсон упаў. Дзяўчына стыд сгубіла,
Усю сілу мужа зрадай адабрала…
У сьвятыні да слупоў Самсона прывязалі,
І весялілі песьняй сытыя гадзіны…
А ён малітву мовіў… Выхвалялі
Паганцы нявернасьць тэй дзяўчыны.
Самсон зьбіраў ў малітве свае сілы,
Слупы абняўшы. Зор яго быў скрыты:
«Егова! — зашаптаў — Ня помні грэх Далілі!»
Затрос слупы. Храм злёг. Там і Самсон забіты.
Даліля йзноў з варожага народу
Асілка новага да сьмерці палюбіла:
І не прайшло цалюсенькага году,
Як трэцяга асілка з ног зваліла…
|