Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/II/Ой на Русь ды Белу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Загляне сонца Ой на Русь ды Белу
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
О, край мой родны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ой, на Русь ды Белу…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОЙ НА РУСЬ ДЫ БЕЛУ…

Ой на Русь ды Белу груганы ляцелі,
Неба засланілі — на зломах паселі;
Зорам неспакойным кругом спаглядалі:
Там косьці бялелі, як пена на фалі…
Як пена на фалі па ўзгорках косьці —
Ой прашлі зямельку, крывавыя госьці!
Скалыхнула бура бяздоннае мора,
Прычыніла людзцам страшэннае гора.
Аддыхнула бура, сонца паказала,
А трупа кляваці груганоў паслала…
Паселі на зломах няпрошаны госьці;
Дзяўбалі трывожна беларускі косьці.
Зашумелі пушчы, застагналі нівы
Ад тэй гругановай — пякельнай спажывы.
А во страпянуўся род той гругановы!
Быў здалёку чутны гоман нейкі новы.
Дзівам здзівавалісь няпрошаны госьці,
Бо з зямлі паўсталі беларускі косьці…
Ой вы лятуценьня, ой маеж вы мары!..
Каб усталі косьці — непатрэбны чары:
Сьлязой палівайце вы роднўю ніву,
Трудом цярабіце вы бор гутарлівы,
Аж пачуйце голас з касьцей айцоў вашых —
Груганоў ён спудзіць маскоўскіх і ляшых…
Дасьць Бог калісь будзе люд народу братам,
А Русьняк Маскоўцу да Лехіткі сватам!..