На крыльлях думкі я ляту стралой
Туды, гдзе край мой родны-сьлёзны
Паглумлены паганаю рукой,
Загнаны, цэлы век трывожны…
Ты, Божа, разсудзі: чаму народ мой бедны
Праз век гніе у цьме, ў няволі безпатольнай,
Скажы — няўжо прыказ Твой запаведны
Пакорным быць падан душы бязвольнай!?
Бо есьлі так, народ згніе ў пакоры,
Чужынцу дасьць і матку і дачку;
А сам бядак, нанет прыбіты — хворы
Жыцьцё закончыць на чужым шнурку…
Ах, тым праклён я шчыры пасылаю,
Хто войнамі жыве, прыгнётам і нажывай,
Праклён і тым, паклоны хто складае
Асільству — і блуду — і роскашы лянівай.
Украсьці я хацеў вось-гэту тайну з неба:
Чаму нядобраму шырока сьвет — дарога,
Чаму цярпліваму нямаш у хаце хлеба,
Чаму на сьвеце больш і больш благога.
Народзе мілы мой! Цяпер ужо ня знаю,
Чым маеш ты каваць цяжкую сабе долю:
Дабром за зло плаціць (што ў сэрцы я хаваю),
Ці ворага душыць ў крыві — ў вагні — ў вугольлі…
Ламаюся я сам тваею крыўдай зьбіты,
А сэрца мне крывей зьліваецца ад болю,
Што вечна ты ціхі, як Богам пазабыты,
Як здань пакутная шукаеш сабе волі.
|