Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/II/Божа зжалься

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Айчыны мілай Божа зжалься
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Загляне сонца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Божа, зжалься…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БОЖА, ЗЖАЛЬСЯ…

Пушча гдзе шуміць журліва,
Гальлём хоча сьвет абняці,
Гдзе народ глядзіць пужліва,
І гдзе плача мая маці —
Там нясуся думкай сумнай
З вачмі зьлітымі сьлязамі,
З музай ціхай, з лірай струннай:
„Божа, зжалься Ты над намі!“…

Бор гдзе сіні здаль віднее,
Гдзе ўзгоркі, яры, нівы,
Гдзе мой брат з бяды марнее,
Хоць цьвярозы, нелянівы —
Туды нясуць мяне думкі,
Там край родны. Там мы самі
Бярэм лёс у свае рукі,
„Божа, зжалься Ты над намі!“…

З музай вёску ужо бачу,
Ліру трыумфальна строю,
Божа мой, чагож я плачу,
Чом ні маю супакою? —
Муза шэпча мне тужліва:
„Бачыш, шчэ чужынцы з вамі,
„Вы не браліся рупліва“…
„Божа, зжалься Ты над намі!“…

„Вы не браліся рупліва
Долю — волю будаваці,
Вы цярпелі ўсё маўкліва,
Толькі ўмелі праклінаці —
Гартам дух ваш змацаваўся,
Але сваркі ўсё між вамі,
І сусед вам ні удаўся!“…
„Божа, зжалься Ты над намі!“…