Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Роднаму краю/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
8. Іванку 9. ⁂ Ты, мой брат, каго зваць Беларусам
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
10. Юдам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9.


∗     ∗

У чатырохлецьце „Нашае Нівы“.

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй ня цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся, —
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як-бы камень, звалілась;
Беларуская слава і воля
Адыйшла, адцьвіла, закацілась.

Не зьмяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.

А чаму? Ты няздольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п‘яніца?
Мусіць не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.

Сьветлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
І на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць ня пушчалі.

Хто хацеў, той і сьмеý рабаваці,
Бяз прыпросу зьяжджаліся госьці
Абдзіраць, аб‘ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косьці.

Можа-б ты і памёр і загінуў,
Каб ня вешчая мова Баяна.
Хто-ж быў, добры, яе хоць пакінуў?
Як-жа так, што яшчэ не забрана?

Бо што бачылі госьцікі-гэрцы —
І зямлю, і лясы, і кілімы, —
Ўсё забралі, а мову у сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы.

Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацьця-народы!

Увагі

[правіць]

9. „Ты, мой брат, каго зваць Беларусам“.

22 р. „п‘яніца“ зам. п‘яніца — адзін з прыкладаў парушэньня акцэнтацыі для захаваньня рытму, што ў А. Гаруна спатыкаецца даволі часта.