Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
65. Жабрачка 66. Сын
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
67. Журба і сьмехацьцё
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сын (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




66.

СЫН.

Гэй, у чыстым полі ды ня сонца грэе,
Ды ня сонца грэе, ды ня вецер вее,
Ня туман спусьціўся,
Ня дубок схіліўся.

На шырокім полі, ды на тым прасторы,
Ля дарогі самай, на зялёным ўзгоры
З ног дзяцюк зваліўся,
Бразнуўся, пабіўся.

— Ці-ж ня сорам, хлопча, табе маладому?
Ганіць будуць людзі, едучы дадому:
„А ты-ж маладзенькі,
„Піці нядужэнькі!“

— Ой, ня ганьце, людзі, — з гарэлкай ня знаўся, —
Я у сьвет далёкі за шчасьцем пагнаўся
Ад радзімай маткі
Ды із беднай хаткі.

Ды па ўсёй зямліцы, дзе шыбае вока,
І пад самым небам, доле то-ж глыбока
Быў, я цікаваўся,
Шчасьця прыглядаўся.

Не памеў я шчасьця, ды пазнаў я гора
І крыві разьлевы, сьлёз сірочых мора.
Скрозь а скрозь гарота,
Дзе ні глянь, — маркота.

І падумаў зноў я да хаты вярнуцца
Ды да роднай маткі к сэрцу прыгарнуцца,
Рукі цалаваці,
Сьлёзы праліваці,

Каб прыняла сына свайго — валацугу,
Каб прыпяставала, адагнала тугу,
Зелейкам паіла,
Раны пагаіла.

От ня маю сілы, ня трымаюць ногі,
Раптам занядужаў, паў каля дарогі.
Знаць — ня ўбачыць маткі,
Не дайсьці да хаткі!

Увагі

[правіць]

66. Сын.

18 р. …„доле“ поэтам ужыта ў сэнсе „ў глыбіні“.

27 р. „Ды да роднай маткі к сэрцу прыгарнуцца“… У выд. 1918 году было „Да радзонай маткі“… Выпраўлена на падставе аўтографу („сшытак“, стар. 57-58).