Дайце кавалачак хлеба ëй цьмянага,
Дайце пуховага, — дзе-ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
Гора памела на сьвеце убогая!
Гляньце: згрыбела, згарбела у крук.
Доля занадта надалася строгая,
Выбіла шчасьце ўсё з рук.
Была дзяўчынаю, была красуняю,
Была вагонь, не глядзі, дзяцюкі!
Ўзглянеш — і сэрца праймецца, як куляю;
Мелі пацеху бацькі.
Час надыйшоў, і была гаспадыняю,
Быў гаспадар багатыр на сяле,
Была над мужам царыцай, княгіняю,
Бог калі шчасьце пашле!
Была і маткаю, была шчасьліваю,
Двох аднагодкаў вялікі ёй даў:
Сына малойца, дачку урадлівую, —
Скуль-дзе і сват пад‘яжджаў.
Мела Нупрэіха, мела бяздольная!
Дзе-ж гэта дзелася, як уплыло?
Што-ж, сірацінка, быліна ты польная
Што учынілась, было?
— „Ой мае дзетачкі, бог мяне грэшную
Пэўне за бацькаўскі грэх пакараў.
Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную, —
Чым надарыў, адабраў.
Неяк асеньняй парою а поўначы
Хатку няведама хто падпаліў.
Я прахапілась, ўскрычала а помачы:
— Людзі! ратуйце, хто жыў!
З крыку майго і сямейка збудзілася,
Ледзьве пасьпелі на двор уцячы.
Доня за рукі мае учапілася,
Просіць: „матуля, маўчы!“
Мужа я ў гэтым пажары пазбылася:
Кінуўся ў хату па скарб, — ратаваць,
Столь падгарэла ў той чай, абвалілася…
Бог захацеў пакараць!
Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, —
Што не рабі ты, а будзе дарма.
Толькі зьнядужаеш, сілаю страцішся,
Скуткаў-жа добрых няма.
Сын у Сібір, ці яшчэ за Сібірамі,
Недзе пайшоў на жыцьцё зарабляць,
Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі
На пагарэлых зьбіраць.
Дочка ад часу пажэжы праклятае
Чымсь захварэла, няведама чым;
Сохла, бляднела, як зелейка сьцятае,
Покі ня ўмерла саўсім.
З воласьці мела паперу пісаную:
Сына маскаль за нівошта забіў.
Нечым зграшыла дзіцятка рахманае,
Ціхі-ж, паважлівы быў…
От і жыву я на сьвеце зязюляю
Тэй сіратлівай, адна наўсягды.
Сьмерць неўздалечку, — свой век перамуляю,
Збудуся цяжкай нуды“.
Змоўкне, — сьлёзы па твары пакоцяцца, —
Хусткай схісьне іх і далей брыдзе.
Ціха ступае, ўсім целам калоціцца…
Ах! пашкадуйце ў бядзе!
Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага,
Дайце пуховага! Дзе-ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
Дайце куточак, а дайце-ж ëй, мілыя!
З ласкай у хату прыміце яе, —
Хай адпачне гаратніца пахілая,
Раны пагоіць свае.
|