Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/На чужыне/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
27. ⁂ Думкі-дыямэнты, краскі жыцьця 28. Вясна
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
29. Nocturno
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна (Эх, вясна, вясна!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




28.

ВЯСНА.

Эх, вясна, вясна!..
Як прышла яна,
Прынясла сьвятла,
Прынясла цяпла.
Наліла ў лагох
Сьнегавой вады,
Расьцьвіла ў лугох,
Распляла сады.
Прабудзіўся лес
На вясеньні шум,
А глыбокі сум
Мне у душу улез…

Першыя гусі ужо праляцелі,
Палі на рэчцы, узгорак абселі;
Гвагалі доўга, нараду сабраўшы,
Потым згадзіліся, дось пакрычаўшы;
Ўзьляцелі высока над сосны, над елі
І недзе прапалі ў нябескім касьцеле…

Ax, каб крыльля, крыльля мне
І той лëт гусачы,
Я прапаў-бы ў гарыне
Хто-б мяне і бачыў!
Раз-у-пораз, раз-у-раз,
Ў неба-б біў крыламі…
Гусі, гусі, я да вас,
Я лячу за вамі!
Дзе былі вы? Што было там?
Дзе жылі вы? Над балотам?
Мо‘ ля рэчкі? Мо‘ ля хаткі?
Ля сялібы майго таткі?
Мае маткі, майго браткі,
Вы ня бачылі часамі?
А сястрыцы? А дзявіцы,
Маёй любы,
Вы ня бачылі часамі?
А у шлюбы
Ня зьбіраецца сястрыца?
Не? А люба, чараўніца?…
Ці там ймгліста,
Ці там ясна?
Красна? Міла,
Гусі! Шчасна?…

Увагі

[правіць]

28. Вясна.

У 17-18 радкох парушаны рытм, замест звычайнага памеру — дактылю ўжыты амфібрахі:

Ўзьляцелі высока над сосны, над елі
І недзе прапалі ў нябескім касьцеле…