Перайсці да зместу

Маладняк — Янку Купалу (1925)/II/Мая навука

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як у лесе зацьвіталі Мая навука
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З „Безназоўнага“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая навука.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ НАВУКА.

Мне мудрасьці кніжнай ня даў бог пазнаці,
Мой бацька ня мог даць раскошаў такіх —
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх бяз школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

Душу акрылялі прыгожасьці сьвету,
Па гонях пад небам лунала яна,
Купалася ў сонцы вясёлкай расьпетай,
Сама, як вясёлка, як казка — вясна.

І п‘яная чарамі, п‘яная песьняй,
Як сон заварожаны райскіх мясьцін,
Шаптала мне дзівы цьвітучых прадвесьняў
І песьняй лілася з паходам часін.

Бурлівая рэчка і млын гутарлівы
Адмерным, раскацістым плюскатам вод
Складалі мне рытму мастацкія зьвівы,
Парадквалі складаў раскоцісты ход.

Цяністыя бітага шляху прысады
І ў вырай, лятучыя гусяў шнуры
Гармонію ўводзілі ў песельным складу,
Сачылі нязгоднай зваротак ігры.

Зялёнае поле рунеючым збожжам,
Цьвітучая ў сонечны цьвет сенажаць
Мне песьню квяцілі узорам прыгожым,
Вучылі, як словы ў вянок завіваць.

Ад шопату сьпелых пшанічных калосьсяў,
Ад шэлесту лісьцяў узьмежных ігруш
Музычнае водгульле ў песьню лілося,
Зьлівалася з жальбамі скрыўджаных душ.

Шум бору адвечнага казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесьць жыцьця
І песьню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў з нябыцьця.

А сонца, скрозь сеючы іскры па сьвеце,
Мне песьню іскрыла нябесным сьвятлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крыльле лунаці арлом.

Каса і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і сьпекі далі гарт нязбытны —
Мне песьню, як звон, як пярун адлілі.

Так іншай ня знаўшы навукі і школы,
У пацёмках шукаў і знайшоў я свой дар;
Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

1919 г.