Перайсці да зместу

Маладняк — Янку Купалу (1925)/II/З «Безназоўнага»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая навука З „Безназоўнага“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Арлянятам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Безназоўнае (Купала, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3 БЕЗНАЗОЎНАГА

6.

… І пайшла, і пайшла —
Як-бы хто набаяў
Ад сяла да сяла
Гутарка такая:

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.

Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
І прыбрана яна —
Ніхто не закіне:

На галоўцы вянок
З сініх васілёчкаў,
А чырвон паясок
Стан абвіў дзявочы.

Так сядзіць і глядзіць,
Ці усё, як трэба, —
Трэба ўсім дагадзіць
І соляй і хлебам.

А з тутэйшых музык
Гучная капэля,
Хто ў дуду, хто пад смык,
Граюць ёй вясельле.

Так бубняць і гудзяць
На гэтай бяседзе,
А суседзі глядзяць,
Дзівяцца суседзі!

— То-ж яна з мужыкоў,
А як вышла ў людзі!..
Як міне больш гадкоў,
Што-ж тады ўжо будзе?..

∗     ∗

Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад тэй,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваей.

З інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі
Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо ня будзе, і ня будзе
Піць з недапітых чаш.

Дасталі сьцежкі, ад якіх прапасьці
Маглі мы ў бяспуцьці,
А кінем бітыя шляхі да шчасьця,
Абы умець ісьці.

На продкаў плечах паўзрасталі вежы,
Дзе торг вялі за нас,
А мы патомкам нашым кінем межы
Без ашуканскіх крас.

Яшчэ пакінулі нам асьляпленьне,
Пашану да пакут,
А мы пакінем песьню вызваленьня
І вольны бацькаў кут.