Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Рыгор Мурашка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аркадзь Моркаўка Рыгор Мурашка
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Мікола Нікановіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рыгор Мурашка. Нарадзіўся З лютага (ст. ст.) 1902 г. ў вёсцы Бязьверхавічы, 7 вёрст ад Слуцку, у беднай сялянскай сям‘і. Скончыў дзьве клясы настаўніцкае сэмінарыі ў Нясьвіжы. Нязвычайна многа чытаў і ўпарта займаўся самаадукацыяй. Асабліва шмат чытаў францускіх клясыкаў.

У 1920—21 г. г., па партыйнай мобілізацыі, служыў 18-гадовым хлапцом у Чырвонай арміі. Лячыўся ад тыфусу ў Ленінградзе. Потым служыў у Валогдзе. Там тады быў страшны голад. „Давалі — апавядае тав. Мурашка, — па ¾ аўсянага хлеба, на які цяпер ня зірнула-б сьвінчо“. Затое кніг быў поўны рынак, прадаваліся на паперу. і ён, аддаўшы за гэтыя кнігі ўсе свае рэчы, якія мелі хоць якую цану, у маі 1921 г., у аднэй гімнасьцёрцы, калі на Валагодчыне мароз уначы на 12, паехаў па мобілізацыі „халодны, галодны, але з поўным мяшком кніг“, на родную Случчыну.

У 1922 г. на польскай мяжы забілі яго малодшага на 2 гады брата — „майго політычнага выхаванца і бліжэйшага памочніка ў падпольнай працы з палякамі“, — кажа т. Мурашка. Брат паехаў на небясьпечную работу ў мытніцу з даручэньнем выкрыць хэўру злачынцаў. Абодва ведалі, што чакае яго там на мяжы. Падкуплены чырвонаармеец з прыкардоннае варты, у белую ліпнёвую ноч, застрэліў яго… Р. Мурашка моцна кахаў брата за яго здольнасьці, рухавасьць, маладую сур‘ёзнасьць (было яму толькі 18 год).

Не задаволілі асірацелага брата ні суд, ні мора людзкога спачуваньня — і Р. Мурашка знайшоў выхад у літаратуры, каб гэтым памсьціцца за яго сьмерць і паставіць помнік на яго забытую, разбураную ўжо магілку.

Пачаў пісаць пераходзячы з невялічкіх допісаў на нарысы, фэльётоны, малюнкі, абразкі — і гэтак да першага апавяданьня. Быў корэспондэнтам „Белорусской деревни“, „Зьвязды“, „Савецкай Беларусі“, „Красноармейской правды“.

У 1926 гаду вышаў зборнік яго апавяданьняў „Стрэл начны ў лесе“. У 1928 г. ў „Маладняку“ друкавалася яго вялікая аповесьць „У іхным доме“. Цяпер рыхтуе да друку роман „Сын“ — з эпохі рэволюцыі 1905 г.

Творы Мурашкі задуманы і напісаны заўсёды цікава. У іх часам ёсьць пэўны элемэнт прыгодніцтва. Стыль вобразны і дынамічны. Часам шкодзіць ня зусім схаваная ідэолёгічная тэндэнцыя і ўхіл у падкрэсьліваньне эфэктаў. Галоўныя яго тэмы — змаганьне з клясавым ворагам, услаўленьне працоўнага чалавека, барацьбіта за соцыяльнае вызваленьне, а з другога боку — аналіз псыхолёгіі „былых людзей“, унутраное эміграцыі, выяўленьне прычын, якія вядуць да моральнага раскладу слабых адзінак з савецкіх працаўнікоў.