Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Мікола Нікановіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рыгор Мурашка Мікола Нікановіч
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Ізраіль Плаўнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мікола Нікановіч. Нарадзіўся 2 (15) красавіка 1902 г. ў в. Клёнік, Смалявіцкага раёну, на Меншчыне. Бацькі — бедныя сяляне. Бацька ў 1910 г. застрэліўся, пакінуўшы вялікую сям‘ю, У 1920 г. Мікола Нікановіч браў актыўны ўдзел у змаганьні з палякамі. Потым настаўнічаў на вёсцы. У 1926 г. вышлі два зборнікі яго прозы, „Золак“ і „Радасьць“. У 1928 г. вышаў трэці зборнік „Крык працы“.

Найчасьцей апісвае Нікановіч польскія гвалты на Беларусі і клясавае змаганьне ў сучаснай вёсцы. Сюжэты зазвычай аздабляюцца каханьнем. Уласьцівы Нікановічу літаратурны прыём — устаўкі з прыгожым апісаньнем прыроды і падкрэсьліваньне драматычных момантаў і розных чулых месцаў.

Але, напрыклад, у зборніку „Радасьць“ паказана вельмі многа радасьці, тымчасам жыцьцё выходзіць нейкае аднабокае, нібы мёдам памазанае. Усё і ўсюды так радасна, так добра, нібы ня ідзе яшчэ такое ўпартае змаганьне за новы быт, нібы людзі працуюць дзеля аднае вясёласьці. І ўся тая радасьць жыцьця, якая магчыма, поўніла істоту аўтарам, калі ён пісаў гэтыя свае апавяданьні, вышла вельмі салодка і, апрача фразэолёгіі, нічога ад радасьці не асталося.

У шмат якіх іншых апавяданьнях Нікановіча таксама — стылізацыя і фразэолёгія. Пагоня за прыгожымі словамі і зваротамі, яскравымі вобразамі. Але яны не выцякаюць органічна з творчасьці, а зьяўляюцца пэўным літаратурным прыёмам. Скрозь у яго — гіпэрболічнасьць, перабольшваньне, падкрэсьліваньне, не схаваная тэндэнцыя, агітацыйнасьць і навучальнасьць, крайнасьць, непраўдападобнасьць, нятыповасьць. Часам лішні натуралізм, жудасныя сцэны, біцьцё, кроў, сьлёзы — і сантымэнтальнасьць, павярхоўнае пачуцьцё.

Але аўтар сам праймаецца сваім пачуцьцём і не заўважае, як траціць мастацкую веру.