Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Аркадзь Моркаўка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Валеры Маракоў Аркадзь Моркаўка
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Рыгор Мурашка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аркадзь Моркаўка. Нарадзіўся 26 студзеня (ст. ст.) 1900 г. ў вёсцы Зазер‘е, 15 вёрст ад мястэчка Рудзенску, на Чэрвеншчыне. Бацька — селянін, быў будачнікам на чыгунцы. Аркадзь Моркаўка быў тэлеграфістым, потым скончыў электра-мэханічны тэхнікум у Віцебску. Цяпер працуе ў палаце мерак і вагаў ў Менску. Друкавацца пачаў з 1922 г. Піша вершы. Улетку 1928 г. вышаў зборнік яго вершаў „Дым жыцьця“.

Галоўны мотыў у творчасьці Моркаўкі — філёзофскі разгляд розных зьяў жыцьця. Ён закранае і соцыяльнае змаганьне, і соцыялістычнае будаўніцтва, і адносіны між горадам і вёскаю, і адносіны да каханае жанчыны і г. д., але скрозь ў яго пры гэтым зьяўляюцца філёзофскія разважаньні, галоўны мотыў якіх: хоць няма нічога вечнага, але сьвет прыгожы, жыцьцё патрабуе змаганьня, і таму будзем і жыць і змагацца. На яго творчасьці ёсьць значны сьлед інтэлігенцкае замкнутасьці, у яго шмат пэўнага індывідуалізму і туманнага інтэлігенцкага косьмізму. Але ў яго вершах ёсьць, тымчасам, і непасрэдная радасьць жыцьця, бадзёрасьць, дзейнае клясавае пачуцьцё. Ён піша („Крык вуліцы“):

Над намі кпілі, зьдзек над намі
Тварылі ўсе, забыўшы грэх.
Цяпер мы робім над панамі
Апошні суд, суд не на сьмех.

Ён цешыцца з культурнага росту вёскі (верш „У дарозе“) і зазначае, што „са твараў сялянскіх змываюцца кросны доўгай сялянскай пугі“ (там-сама). У адным лепшым сваім вершы ён піша аб сабе так:

Я ня маю роскашы чырвонцаў,
Не заўсёды нават маю медзь,
Не ваджу я залатога сонца,
Каб цябе, мой край, агнём сагрэць.

Але, кажа ён, у яго ёсьць у сэрцы „звоны веча“, у яго ёсьць „пчолак-песень рой“, тое, што ён „падслухаў у калядны вечар“, „зьбіраў роснаю зарой“, і ён кажа:

Ды і гэта я аддам балотам,
Ды і гэта я пушчу ў аўсы;
Хай паслухае вясковая галота,
Аб чым звоніць яе брат і сын.

Самае моцнае ў вершах Моркаўкі — вобраз і фраза. Ён стараецца даць моцны, орыгінальны вобраз і моцную, з малой колькасьцю слоў, але з вялікім зьместам фразу. Прыгожых вобразаў у яго шмат. Часам, аднак, трапляюцца вобразы, лішне адарваныя ад вобразнасьці мас, часам нават ня зусім зразумелыя. Верш свой Моркаўка старанна шліфуе, але таксама часам дае лішне выкручаныя фразы. Строфіка, рытміка і рыфмаваньне ў яго даволі звычайныя, але верш наогул мілагучны і прыгожы.