Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Ізраіль Плаўнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мікола Нікановіч Ізраіль Плаўнік
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Алесь Салагуб

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ізраіль Плаўнік. Ізраіль Плаўнік — родны брат Зьмітрака Бядулі. Нарадзіўся ён у 1904 г. ці ў 1905 г. ў м. Пасадцы, на Віленшчыне. Да імпэрыялістычнае вайны бацька займаў пасаду ляснога прыказчыка. Маці зарабляла шыцьцём. Выхаваньне ў сям‘і было патрыархальнае. З 8 год пачалося вучэньне ў хэдэры, дзе рэбэ больш біў сваіх вучняў, чым вучыў іх. „Білі па чым папала, — успамінае Ізраіль Плаўнік, — па твары, па носе, па руках, дралі за вушы і нават нагамі тапталі“. У 1919 г. Ізраіль Плаўнік паехаў быў у Менск, пражыў там поўгода ў брата, але, у сувязі з адступленьнем польскае арміі, зноў апынуўся ў Пасадцы. „Цяжкія сьляды пакінулі „яснавяльможныя“ пасьля сябе… — успамінае ён; — у бацькавай хаце абсолютна нічога не засталося, усё было пабіта, парабавана… Засталіся толькі чатыры сьцяны, і то аблупленыя“. Потым Ізраіль Плаўнік вучыўся на агульна-адукацыйных курсах у Менску. Цяпер ён працуе ў друкарні корэктарам.

Піша выключна вершы. Друкуюцца яны ў розных беларускіх газэтах і часопісях з 1925 году. У 1926 г. вышаў зборнік „Звон вясны“, у якім зьмешчаны вершы С. Дарожнага і яго.

У зборніку „Звон вясны“ галоўныя мотывы ў вершах І. Плаўніка — услаўленьне хараства і творчасьці, імкненьне да чагосьці, бо „шуміць кроў у жылах“, каханьне; піша тут поэта і аб польскай окупацыі, аб зьдзеках польскіх жаўнераў над беларускім сялянствам, аб паўстанцах, аб вызваленьні Беларусі. Ёсьць тут спробы апісаць горад у самым сучасным, „машынным“ тоне і самымі сучаснымі, „машыннымі“ формальна-мастацкімі прыёмамі (верш „Машыннае раньне“).

У пазьнейшых вершах, друкаваных у розных выданьнях, мы знаходзім працяг тых самых мотываў, толькі піша поэта мацней, асабліва з боку формы. Але ў вершы „Палюбіў я цябе, Беларусь“, ён яшчэ піша аб Беларусі ў сантымэнтальна-народніцкім, архі-нашаніўскім тоне. У вершах „З цыклю „Зарніцы“ — філёзофскія разважаньні аб жыцьці, якое ідзе, мільгае… Ёсьць тут і пра комуну. Тымчасам, піша поэта ў тым сэнсе, што ўсё будзе зьмецена, пылам разьвеецца, думы згараць, толькі-ж — ня зусім… „комуны дасягнуць другія“. І поэта верыць у будучыню і пяе хвалу радасьці жыцьця. У вершы „Калі заход палошчацца ў вазёрах“ такая думка: „шчасьлівы ты, поэт, калі адчуў мэлёдый звоны-словы“. Філёзофія ў Ізраіля Плаўніка набліжаецца, у сваёй сутнасьці, да філёзофіі Аркадзя Моркаўкі.

Агулам, характарызуючы форму ў поэзіі Ізраіля Плаўніка, трэба адзначыць, што ў яго яшчэ няма зусім свайго закончанага стылю. На яго форме адчуваецца ўплыў вершаў Бядулі, часткаю Купалы і Багдановіча, часткаю іншых поэтаў. Але і ў тым, што ён даў, ёсьць ужо свае характарныя рысы. У яго шмат квятлівасьці ў мове і поэтычнае фразэолёгіі. Заўважаецца пэўная вобразная перагрузка. Аднак-жа, вобразнасьць і наогул мастацкія сродкі ў яго даволі звычайныя, дзеля нашага часу — троху ўжо трафарэтныя і перастарэлыя. Ён піша:

Закрылася сонейка вэлюмам з ружаў…
Галубяцца хвалі — мярэжамі валу,
Цалуюць і лашчаць пурпурныя скалы,
І сыплюць ім пырскіллілеі на грудзі.