Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Алесь Звонак
← Міхась Гольдбэрг | Алесь Звонак Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
Васіль Каваль → |
Алесь Звонак. Праўдзівае імя — Пятро Звонак. Нарадзіўся 2 лютага (ст. ст.) 1907 г. ў гор. Менску. Сын рабочага. Студэнт Белар. дзярж. унівэрс., разам — журналіст і савецкі служачы. Друкуецца з 1925 г. ў розных часопісях і газэтах. У 1926 г. вышаў колектыўны зборнік вершаў „Пунсовае раньне“ — Бобрыка, яго і Туміловіча. Цяпер друкуецца яго зборнік „Буры ў граніце“.
Галоўныя мотывы ў вершах Алеся Звонака — рэволюцыйна-романтычныя песьні аб грамадзянскай вайне на Беларусі, аб новым, соцыялістычным будаўніцтве ў вольнай БССР, любоў да сярмяжнае Беларусі, да беларускае культуры, жаданьне вызваліць Заходнюю Беларусь, окупаваную Польшчаю, і, апрача гэтых мотываў, найбольш характэрныя ў яго творчасьці мотывы — мотывы гораду („цяпер радней мне гулкі горад“). Але блізкасьці да фабрычнага рабочага жыцьця ў вершах поэты мала.
У пазьнейшых вершах — часьцей індывідуальныя перажываньні; поэта заяўляе, што ён не паддаецца суму. Ня хоча разьвітацца з маладосьцю.
Тон яго вершаў — часам лішне праставаты і грубаваты, але з захаваньнем пэўнае элегантнасьці. Ёсьць кур‘ёзныя месцы:
Ступаю цьвёрда… Знаю мэту нашу — |
Гэтак ён піша ў вершы „У сьнежнай замеці“ — дзе, тымчасам, ёсьць і поэтычнае ўспрыйманьне прыроды, ёсьць рух, жаданьне мець бадзёрасьць,
У вершы „Ёй…“ (з мотывамі каханьня) ёсьць такое месца:
Ня важна, |
Тэхніка вершаў у Алеся Звонака не вызначаецца асаблівымі дасягненьнямі, хоць пэўнае шуканьне, калі не сказаць поступ, у яго ёсьць. Трэба адзначыць яго, мусіць часовы, ухіл у бок так званага вольнага вершу. Вершы яго, наогул, даволі энэргічныя.
Апрача вершаў, друкаваліся два апавяданьні Алеся Звонака: „Сьцежкі крывыя“ (у альманаху „Наддзьвіньне“, пад псэўдонімам П. Алесін) і „За бартом“ (у „Маладняку“). Апавяданьне „Сьцежкі крывыя“ лепш удалося аўтару, чым шмат якія з яго вершаў. Тут ёсьць, напрыклад, такія лірычныя адступленьні:
Ночка ты мая, ночка смугая!. |
„Абнімаўся з вамі. Цалаваў вас. Гімны складаў вам. Душу аддаваў вам. Сэрца аддам вам. У навальніцы грозныя крычаў з ветрам разам. У дні пагожыя радаваўся з вамі. Маліўся ў сіні блакітныя, у далі зялёныя…“
Сюжэт: сын заможнага бацькі, Арцём Ліцкевіч, прыгожы, хітры і хцівы, меў посьпех у дзяўчат, але не адгукалася на яго каханьне маладая Юлька, вельмі поэтычная дзяўчына, бацька якой загінуў, набываючы кавалак хлеба, і жыла яна з беднаю маткаю. Нарэшце, дабіўся свайго Арцём Ліцкевіч, ашукаў, скарыстаў, кінуў. Юлька нарадзіла сына. Як цяжка ёй жылося! Суд, алімэнты. Падкупленыя сьведкі, ашуканыя судзьдзі. І вось — Юлька партыйка, жанорганізатар.
Аўтар добра ведае народную мову. Дае мастацкія абразкі п‘янства, суду. Добра ведае народны быт. У апавяданьні ёсьць вельмі моцныя, поэтычныя месцы. Вынік суду робіць моцнае ўражаньне. Толькі канец апавяданьня скамечаны.