Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Васіль Каваль
← Алесь Звонак | Васіль Каваль Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
Янка Ліманоўскі → |
Васіль Каваль. Нарадзіўся 4 жніўня (ст. ст.) 1907 г. ў в. Саве, 12 вёрст ад Горак па дарозе ў Воршу. Сын беднага селяніна. Бліжэй да беларускае культуры падышоў Каваль у Горках, калі вучыўся на агульна-адукацыйных курсах у 1925 г. і калі выкладчыкам там быў Міхась Ганчарык, комуністы і маладняковец, беларускі дзеяч яшчэ з нашаніўскіх часоў. — „Быццам сьвет мне адчыніўся“, — апавядае Васіль Каваль аб тым часе. У 1925—26 г. г. хадзіў Васіль Каваль, яшчэ ў сялянскай сьвітцы, на зборкі беларускага літаратурнага гуртка ў акадэміі і на зборкі тутэйшых маладнякоўцаў. Цяпер ён — студэнт Беларуск. дзярж. унівэрс.
Пісаць пачынаў з вершаў. Друкуецца з 1926 г. У 1927 г. вышаў зборнік яго апавяданьняў „Як вясну гукалі“, а ў 1928 г. — другі зборнік апавяданьняў „На загонах“. Творы ягодрукуюцца ў „Маладняку“, „Полымі“ і інш. выданьнях.
Літаратурная крытыка вельмі прыхільна спаткала зьяўленьне твораў Васіля Каваля. Усе аўтары рэцэнзій на зборнік „Як вясну гукалі“ аднагалосна прызнавалі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры пасьлякастрычнікавага пэрыоду. Яго галоўную асаблівасьць бачылі ў моцнай сувязі з зямлёю, з вёскаю, з сялянствам, а таксама ў асаблівай поэтычнасьці стылю і блізкасьці да стылістычных прыёмаў народнае творчасьці. Паказваючы на пэўныя недахопы ў творах Каваля, рэцэнзэнты часам крута разыходзіліся і супярэчылі адзін аднаму.
Так, рэцэнзэнт М. Грашч, у альманаху полацкае маладнякоўскае філіі „Росквіт“ (1927 г.), знаходзіў ідэолёгічную нявытрыманасьць у Каваля ў тым, што ён падбірае непраўдападобны ці ня тыповы, не характэрны дзеля нашага часу матэрыял: вёска вельмі бедная, сакратар комсамольскае ячэйкі, маючы сярэднюю адукацыю, пачаў п‘янстваваць, калі яму не ўдалося вучыцца далей. З другога боку, рэцэнзэнт Р. Бунтар у „Зьвязьдзе“ (№ 145, за 29 чэрвеня 1927 г.) адзначае, што „ідэолёгічная ўстаноўка зборніка зусім вытрыманая“, і падкрэсьліваў, што аўтар не паддаецца суму. А рэцэнзэнт А. М—ка ў „Чырвоным сейбіце“ (№ 16) пісаў: „… аўтар удала скампанаваў шэраг малюнкаў вясковага жыцьця, якія даюць даволі поўнае ўяўленьне аб сучаснай вёсцы“, што „аўтар у захапленьні ад жыватворчага росквіту маладых сіл“.
А. Лясны піша („Савецкая Беларусь“, № 185, 12/VII—1928 г.):
„Бадай ніхто з нашых маладых пісьменьнікаў ды нават і старэйшых не ахапляе так эмоцыяльна сілу зямлі і цягу да яе чалавека, самую існасьць сялянскага жыцьця і працы, вясковую прыроду і побыт у яго самых вострых і яскравых праявах, як Васіль Каваль“.
Агулам можна сказаць, што Васіль Каваль — тыповы цяпер на Беларусі сялянскі пісьменьнік з пролетарскай ідэолёгіяй, але рост новага жыцьця на вёсцы ў яго, сапраўды, пакуль што яшчэ мала паказаны.
Тымчасам, галоўны яго мотыў — імкненьне да новага жыцьця. Скрозь у яго веснавая юнацкая радасьць і часам асаблівы прыгожы сум. Скрозь у яго — асаблівая сьвежасьць пачуцьцяў.
Мотывы ў яго — прырода, асаблівая вясковая прырода ўвесну і ўвосень, сялянская праца, найчасьцей жніво, перадавы селянін, селянін-мастак, селянін з раздвоенаю псыхолёгіяй (які чагосьці хацеў-бы, але не ўдаецца), нарэшце — селянін у горадзе.
Вось кароткі зьмест яго твораў.
„Сяльчане“. Тут аўтар хацеў паказаць сучасную вёску ва ўсе поры году. Малюнак вёскі. Праца. Настроі. Зьмена ў быце: комсамольская ячэйка, адыход сялян ад царквы. Імкненьне зруйнаваць старое жыцьцё і будаваць новае. Спадчына старога: п‘янства, карысьць толькі дзеля сябе, супроцьстаўленьне ўласных інтарэсаў агульным. (Курыла, Жук і Нічыпар). Зьмітрок Канцавы — вясковы актывісты, правадыр сялян.
„Сіла зямлі“. Аўтар малюе чалавека на фоне змаганьня за лепшае жыцьцё.
„Ноч“. Аўтар паказвае перадавога чалавека з сучаснае вёскі.
„На вуліцы“ — боль за някультурнасьць вёскі.
„Жніво“ — сувязь вёскі з горадам.
„Наўздагон за доляю“ — змаганьне жанчыны за новае, лепшае.
„Восень“ — змаганьне паўстанцаў з белапалякамі.
„На загонах“. Вёска. Перадрэволюцыйная эпоха. Імпэрыялістычная вайна. Стараста прыціскае беднага селяніна. Селяніна арыштоўваюць у воласьці. Ён забівае старасту, уцякае ў лес і робіць самагубства.
„Дзед. Піліп“. Аўтар хацеў паказаць старога, якому паміраць ня хочацца, але і жыць пяжка, Сьпіс- ваў аўтар .Дзеда Піліпа" болей-меней: з свайго
дзеда.
„Як вясну гукалі“. Аўтар хацеў выліць свой настрой, аздобіць сваё цяжкое жыцьцё.
„Жыцьцё і сонца“ — аўтобіографічныя абразкі, напісаныя з адным настроем, з вельмі глыбокім і моцным пачуцьцём, з вялікім мастацтвам.
„Буй-вецер“, „Пра кветку брат-сястра“, „Легенда пра песьню“ — апрацоўка народнае творчасьці. Усё ўзята непасрэдна з народных вуснаў, бо пра этнографічныя зборнікі аўтар тады, калі пісаў іх, яшчэ зусім ня ведаў.
У Каваля няма яскравых, выразных, закончаных тыпізацый. Ён памастацку сьпісвае тыповае з натуры. У яго часам няма нават акрэсьленых асоб. Ён апісвае іх коратка, мімаходам, як даўно знаёмых. Індывідуальныя асаблівасьці яго герояў не стаяць на першым пляне. У сваіх асобах ён шукае водгукаў на свае ўласныя індывідуальныя асаблівасьці, на свае думкі і перажываньні. „Гэта нават не сілуэты, — піша рэцэнзэнт С. Дробуш, гэта толькі фон, песенна бытавая сялянская маса“.
Няма ў яго і сюжэтнасьці, што часам выглядае ўжо ў яго пэўным недахопам. У яго слабая композыцыйная ўвязка. Гэта — „лірычныя нататкі, дзе ў аснову кладзецца мотыў“, як кажа рэцэнзэнт С. Дробуш. А. Лясны піша, што „Сяльчане“ — гэта „шэраг паасобных абразкоў-эскізаў, зьвязаных паміж сабою больш тэматычна, чым композыцыйна“. Можна сказаць, што толькі агульная мастацкая моц у аўтара робіць яго слабасьць у сюжэтнай пабудове нязначнаю, няпрыкметнаю для чытача.
Але трэба зазначыць, што ў яго часам наглядаецца пэўная аднастайнасьць, якая залежыць якраз ад слабасьці ў сюжэце. Праўда, часам яна залежыць у яго і ад пэўнага сялянскага прымітывізму ў падходзе да жыцьця, нават ад некаторага сваеасаблівага сантымэнталізму. А да гэтага часам далучаюцца яшчэ і паўторы ў вобразах і словах, некаторая пануранасьць, тое, што іншым разам эмоцыянальнасьць у яго ні падвышаецца, ні зьніжаецца.
Галоўная-ж яго моц якраз у тэй эмоцыянальнасьці, у лірычнасьші, у рытмічнасьці мовы. Эмоцыянальнасьцю ў яго насычаны ўсе творы. Рэцэнзэнт Т. Глыбоцкі лічыць недахопам у творах Каваля гэтую надмерную лірычную перагружанасьць, і слушна раіць аўтару зьвярнуць увагу на разгортваньне сюжэту, на большую тыпізацыю пэрсонажаў. Але Т. Глыбоцкі зазначае таксама „жывасьць портрэтаў“ у апавяданьні „Сяльчане“. А рэцэнзэнт А. Лясны наконт пазьнейшага па часу напісаньня твору, апавяданьня „На загонах“, зазначае, што тут ёсьць „пэўны сюжэт і даволі добра разьвіты“. Каваль — апавядальнік-лірык, і яму, бязумоўна, трэба падыходзіць да выбару жанраў і сюжэтаў так, каб галоўная яго асаблівасьць — лірызм — не цярпела-б ад вузкасьці рамак узятае формы, але і не спараджала-б аднастайнасьці.
На яго творчасьці ёсьць вялікія ўплывы народнае творчасьці: казак (легенд) і песьняў. Больш уплываў ад песьні. Ён часта ўстаўляе песенныя ўрыўкі. Часам — ня зусім моцна ўвязаўшы іх з ходам апавяданьня, так што прыём гэты кідаецца ў вочы. Ён любіць песьню, піша, як складаюцца песьні. І прыроду ён апісвае, як тонкі лірык, песенным спосабам.
Таксама трэба падкрэсьліць у яго важную рысу, паказаную Т. Глыбоцкім: „нахіл да філёзофскага загляданьня ў нетры жыцьця“.