Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Ілары Барашка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зіна Бандарына Ілары Барашка
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Алесь Вечар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ілары Барашка. Нарадзіўся 12 ліпеня (ст. ст.) 1905 году ў Менску, у сям‘і рабочага. Бацька працаваў на шпалернай фабрыцы Кантаровіча. Жылося бедна і цяжка, 1915—16 г. г. давялося зазнаць гора на ўцякацтве ад вайны. Рэволюдыя дала доступ да навукі, і Барашка цяпер — студэнт Белар. Дзярж. Унівэрсытэту. Праца ў дзяржаўным архіве скіравала яго да гістарычных тэм.

З 1924 году Барашка быў сакратаром часопісі „Полымя“. З 1925 па 27 год быў рэдактарам часопісі „Малады Араты“. У 1927 годзе быў намесьнікам рэдактара газэты „Чырвоная Зьмена“.

Пачаў пісаць з 1922 г. Піша апавяданьні і мастацкія нарысы. З таго часу друкуецца ў розных беларускіх выданьнях. У 1926 г. вышаў зборнік яго мастацкае прозы „У прасторы“. Некаторыя рэчы перакладзены на украінскую мову, як апавяданьні „Гіерогліфы Яэля“ (пераклаў С. Піліпенка), „Нататкі пра Украіну“.

Ілары Барашка вышаў з рабочага асяродзьдзя і ёсьць адным з тых маладых беларускіх пісьменьнікаў, якія найбліжэй стаяць да Кастрычніка і найбольш выразна выяўляюць яго ў беларускай літаратуры.

Галоўны мотыў у яго творчасьці — рэволюцыйнае змаганьне.

Сюжэты для выяўленьня гэтага мотыву ён шукае часам у самым далёкім мінулым. Так, у невялічкім апавяданьні „Гіерогліфы Яэля“ аўтар з замілаваньнем стварае вобраз Яэля, правадыра паўстанцаў у старажытным Эгіпце супроць фараонаў.

Часьцей, аднак, бярэ Барашка рэволюцыю 1905 году на Беларусі („Пяты год“, „Бяда“), блізка пазнаёміўшыся з гістарычнымі матэрыяламі ў архіве.

Асабліва-ж блізкая Барашку тэма — грамадзянская вайна на Беларусі, крывавае змаганьне з разбэшчанымі окупантамі-палякамі („Ліпнёвыя дні“, „Дэзэртыр“, „Дар за дар“).

Той-жа рэволюцыйны мотыў скрозь праходзіць у Барашкі і тады, калі ён дае схэматычны агляд нядаўна мінулых гадоў у эскізеБрат, родны мой брат“.

Як барацьбіт за пролетарскую ідэолёгію, малюе далей Барашка соцыялістычнае будаўніцтва ў Савецкай Беларусі і змаганьне за новы, савецкі быт, прычым сюжэты бярэ з сялянскага жыцьця, з жыцьця вясковых комсамольцаў, настаўнікаў і з жыцьця фабрычных рабочых.

Абразок „Прузына-ленінка“ ўзяты з жыцьця рабочых на Беларусі (шпалерная фабрыка). Тут ёсьць ідэалізацыя фабрычнае працы, адна з першых спроб у гэтым кірунку ў беларускай літаратуры. Апрача таго, Барашка мае некалькі нарысаў асобнага жанру, гэта — апрацаваньні сюжэтаў з народнай творчасьці, напісаныя поэтычна-стылізаванаю моваю („Замак на возеры“ і інш.).