Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Зіна Бандарына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IX. Біографічна-крытычны слоўнік сучасных выдатных і тыповых маладнякоўцаў Зіна Бандарына
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Ілары Барашка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зіна Бандарына. Нарадзілася ў 1908 г., у Горадні, у сям‘і вайсковага. Была на ўцякацтве ад вайны, З малых год бачыла політычную падпольную працу, перажыла арышт маці, зьверскія зьдзекі палякаў. Вучылася ў беларускім пэдтэхнікуме ў Менску. Была настаўніцай у беларускай школе ў Сібіры (1927 г.). Цяпер працуе ў Гомлі, у рэдакцыі „Палескае Праўды“.

У 1926 г. вышаў зборнік „Вершы“ — яе, Вішнеўскай і Пфляумбаум. Друкуецца ў „Маладняку“, у „Полымі“ і розных выданьнях. Падрыхтавала зборнік вершаў, з іх значная частка — з сібірскімі мотывамі.

У зборніку „Вершы“ (1926 г.) — услаўленьне працы жнеек, успаміны аб няволі і радасьць вызваленьня, соцыяльная радасьць у дзень жаночага сьвята, апяваньне вёскі, мотывы каханьня. Невялічкая поэмка „Галя“ — з жыцьця дзяўчыны-паўстанкі, якая грамадзка-рэволюцыйную павіннасьць ставіць вышэй за сваё каханьне.

Вершы гладкія, мілагучныя.

З пазьнейшых вершаў трэба адзначыць верш ⁂ (Студзень, студзень…). Над маўзолеем Леніна пясьнярка кажа:

Я стаю і гляджу і дзіўлюся,
Любы, родны наш, наш дарагі!
Мы прывезьлі вітань з Беларусі,
І твой шлях працярэбім мы!

Яна кажа, што і „братоў з Белавежы“ вабіць „промень сьветлы пунсовай зары“.

У вершы „Да прыезду Грамады“ — глыбокае пачуцьцё і моцная воля. Пясьнярка кажа:

Стройным шэрагам шчыльна, упарта,
Дэмонстранты на плошчу ідуць.
Увайшла у гісторыю новая дата,
Увесь сьвет будзе чуць Грамаду.

У вершы „Будучына — наша“ — комсамольская лірыка.

Верш „У школе“ — сібірскія мотывы. Любоў да дзетак. Любоў да краіны. Дзеткі кажуць ёй: „Нам, казалі ёй, што вы нас пакінеце“, і жаль агарнуў яе. Дзеткі кажуць:

Мы ў Сібіры жывём і ня мерзьнем,
Будам наскія кніжкі чытаць,
Мы запішамся ўсе ў піонэры,
Мы ў школу ня пойдзем бяз вас…

У вершы „Ля коміну“ — асабістая лірыка. Глыбокае пачуцьцё. Драматызм змаганьня з самой сабою, з сваім каханьнем. Жаданьне суняць свой жаль і крыўду.

У вершы „Апошняя вясна“ — асабістыя перажываньні, каханьне і разьвітаньне з маладосьцю, з каханьнем. Глыбокае і далікатнае пачуцьцё. Элегічнасьць Прыгожая, ясная думка, разам з некаторай нэрвовасьцю,

Строфіка звычайная, рытмы лёгкія, далікатныя. Вобразы — з прыроды і навакольнага жыцьця, заўсёды вельмі далікатныя, пяшчотныя, поэтычныя, але цалком рэалістычныя, бяз усякіх сантымэнтальных салодкасьцяй.

Даволі добрая мова, хоць часам трапляюцца расіянізмы.