Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Алесь Вечар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ілары Барашка Алесь Вечар
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Янка Відук

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Вечар. Нарадзіўся 12 сакавіка (ст. ст) 1905 г. ў в. Малыя Машчыцы, 10 в. на захад ад Слуцку. Бацькі — сяляне. Бацька памёр ад брушнога тыфусу, калі Алесю было месяцаў пяць. Алесь Вечар працаваў на гаспадарцы, быў загадчыкам хаты-чытальні, сакратаром комсамольскае ячэйкі. Год вучыўся ў сельска-гаспадарчым тэхнікуме. Цяпер — студэнт Бел. сельска-гаспадарчай акадэміі ў Горках.

Друкуецца з 1925 г. Піша вершы і апавяданьні, якія зьмяшчаліся, галоўным чынам, у „Аршанскім Маладняку“. Падрыхтаваў зборнік „Кола дзён“.

У сваім першым друкаваным вершы „Дзьве думкі“ („Аршанскі Маладняк“, № 3, 1925 г.) Вечар закранае тую тэму, што навука дапамагае чалавеку вызначаць сваё месца ў жыцьці і ў змаганьні. Ва ўсіх яго вершах — амаль выключна соцыяльныя мотывы.

У вершы „Нашы акорды“ ён аглядае этапы на шляхох пролетарыяту, аглядае пройдзенае і зробленае, услаўляе соцыялістычнае будаўніцтва і выказвае пагарду да буржуазіі. Тут орыгінальная форма: вольны верш, моцныя вобразы і словы, поўнагучча, тут клясыцызм і фабрычны рытм, так сказаць, імкненьне да пролетарскага клясыцызму. Толькі выраз „Білі сьвету старому па мордзе“ — моцны, але грубы. Тон — узвышаны, романтычны і клясычны разам.

Часта любіць пісаць поэта аб пераломе ў жыцьці вёскі, ён выяўляе імкненьне да машынізацыі сельскае гаспадаркі, да колектывізацыі вёскі. Яго ідэал — культурнае падняцьце сельскае гаспадаркі. У вершах „Стансы“ яго мотыў — трактары. У вершы „Канюшынны шум“ ён пяе пра гармонію жалезнага рытму машыны з прасторамі і чырваньню шышак канюшынных. Ён, між іншым, кажа:

Не кажэце мне вы, што машынны імпэт
Зьнішчыць поэтычнасьць, колернасьць лісьця.
Ён поэту толькі з вышыні Олімпа
Зьнізіцца прымусіць да крыніц жыцьця.

Адчуваньне хараства, імкненьне да яго, выяўленьне яго ўжыцьці і ў поэтычнай творчасьці, культ прыроды, як крыніцы, з якой можна піць асалоду, — уласьцівыя Вечару рысы. Яшчэ адзін. яго мотыў — каханьне. Яно ў яго заўсёды бадзёрае, мажорнае.

У форме ён імкнецца да навізны, але дае зразумелую масам форму.

У мастацкай прозе Вечар яшчэ не аформіўся. Апавяданьні ўзяты з гарадзкога чыноўніцкага жыцьця („Папяросьніца ад Эпохі“), са змаганьня вясковага актывістага з кулакамі-бандытамі („Перамога“) і з падпольнага жыцьця ў Заходняй Беларусі („Бэзавы герой“).