Маладая Беларусь (альманах)/3/Аб маладым паэце с Крошына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З лісту п. проф. Аб маладым паэце с Крошына
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Аўгусцінас Янулайціс
1913 год
Wieršy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ксёндзъ Магнушеўскі.

Аб маладым паэце с Крошына.


У аднэй старой кніжцы, напісанай па польску, пад загалоўкам: «Powieść z czasu mojego czyli przygody litewskie.» (Poznań 1858), можна прачытаць кароценькае апаведаньне аб тым, як загінуў адзін селянскі хлопчык-паэт, каторы ў другой старане мог-бы стацца гордасьцьцю і славай народу (стр. 252—3, 257—265).

Аўтор вышэй названай кніжкі пісаў свае ўспаміны шмат гадоў пасьля гэтаго здарэньня. Многа чаго пераблутаў, многа чаго забыўся, дзе што, зразумеў іначэй, чым яно было запраўды, а дзе чаго і саўсім ня ведаў.

Цікавы ня толькі сам хлопчык, аде і тое, пры якіх варунках ён быў загублен. С тых часоў захаваліся дакумэнты аб гэтым здарэньні. Карыстаючыся імі я надумаў расказаць аб усім, як было запраўды.

Гэта было у мястэчку Крошыне ў пачатку XIX сталецьця. Мястэчка і ваколіцы былі пад князем Мацеем Радзівіллам. Кажуць, ня дужа цяжко жылося жыхарам мястэчка Крошына пад гэтымі панамі: у разные часы яны атрымалі ат князёў прывілэі і льготы. Часть жыхароў Крошына атбывала паншчыну, а часть лічыла сябе мешчанамі вольнымі ад прыгоннай павіннасьці.

Ня дрэнна жылося і селянам пароха (пробошча), каторых было 60 хат, бо ксяндзы нападаліся усё добрые людзі. У пачатках XIX сталецьця быў ксёндз Малішэўскі, а пасьля яго — Магнушэўскі. Крошын лічыўся багатай парахвіей. Пробошча ставілі князі Радзівіллы, а біскуп віленскі зацьверджаў яго. Малішэўскі залажыў парахвіяльную школу і вучыў у ей селянскіх дзяцей. Пасля яго сьмерці Магнушэўскі вёў далей пачатую сваім папярэднікам работу.

Магнушэўскі быў чэлавек сьветлы, вучоны; нейкі час ён вучыў дзяцей князя Мацея Радзівілла — Константына і Антоніну. Калі дзеці вырасьлі, то стаў непатрэбным князю і атрымаў багатую парахвію — Крошын.

Аб сабе ён мала думаў; для сябе кс. Магнушэўскі многа не вымагаў. Хацеў памагчы, сколькі здалеў, простым людзям. Даходаў ён меў німала, дзеля гэтаго дарма ксьціў, венчаў, а бяднейшым і грашмі памагаў. Быўшы адзінокім зжыўся са сваімі людзьмі, звыкся з імі, перэняў іх мову, спрасьцеў, як аб ім казалі гарадзкіе і дворные паны, ды дзіваваліся, што ён гаварыў «мужыцкімі» прыказкамі і пагаворкамі. Іншые нават думалі, што ён ня ў поўным розуме. Гэта так ім здавалося. Магнушэўскі быў чэлавек разумны: збліжыўшыся да народу, ён хацеў падняць гэты народ, шырыць асьвету сярод яго. Калі ён прышоў у Крошын, як вышэй было сказана, знашоў ужо парахвіяльную школу там, але будынак аказаўся нявыгодны, ён пабудаваў новы будынак, абшырнейшы і лепшы за першы.

Сам ён заўсёды у школе не вучыў. Вучыцелем быў арганіста Арлоўскі, або яго памочнік, стары касьцельны дзед — Парафіяновіч. Але відаць, што ён сам цікавіўся школай. Глядзеў за вучнямі, інтэрэсаваўся іх поступамі, асабліва больш здольнымі паміж імі.

У 1825 гаду у школі было 51 вучэнь, з іх 35 хлопчыкоў і 16 дзяўчынак, узростам ад 7 да 13 гадоў. Вучылі іх там чытаць, пісаць, лічыць і катэхізму. Шмат клаў працы каля школы і памочнік пробашча кс. Піус Горбачэўскі, каторы хацеў навучыць селянскіх дзяцей усяго таго, чаго вучаць па другіх школах панскіх дзяцей. Ён чытаў ім казкі Эзопа, польскаго паэта Нарушэвіча і «Wiadomości brukowe», каторые выхадзілі у Вільні і ў каторых не раз пісалі аб дрэнным палажэньні селян і аб патрэбе скасаваць паншчыну. Хацеў ён, як з гэтаго відаць, зрабіць с селян думаючых людзей. Відаць школа мела добрых людзей-кіраўнікоў, калі з гэтай школы вышлі і умелые заступнікі сваей ідэі; з гэткіх вядомы нам Камінскі: каторы, выросшы, умела і шчыра атстаіваў проціў пана правы сваіх суседзёў, селян Крошына.

Вучні гэтай школы, чытаючы тое, што пісалі вялікіе Шаблон:Абылка, перэжываючы тое, што і яны, хацелі гэтак сама напісаць нешта падобное да таго, што чыталі і перэжывалі. Хлопчыкі пачынаюць пісаць вершы, яны то стараюцца пісаць на спадобу тых арыгіналоў, што чыталі, то зноў пробуюць напісаць сваё, беручы тое, што яны самі чулі і бачылі. С чысла гэткіх хлопчыкоў вядомы нам толькі адзін, Павал Бахрым. Будучы ў школі, ён вельмі спадабаў пісаць вершы. Многа вершаў з Нарушэвіча, баек Эзона і др. ўмеў ён на памяць; перапісываў, што нападалося, ня толькі друкаванае, але і рукапіенае[1]. Яго, начынаючаго думаць, душыла цяжкая мужыцкая доля, і гарэлі вочкі, калі перапісываў словы і вершы аб мужыцкай свабодзе. Ведаючы, што гэта у другіх краях можна, тагож жадалі яны і ў сябе.

То пэўна, што Крошынская школа развіла сьвядомасьць у селян. Праца Магнушэўскаго падняла і заможнасьць іх. Саўсім зразумела, што яны павінны былі цьвёрда атстаіваць свае правы проці ўсіх, хто хацеў іх нарушыць. Скора зьявілася патрэбнасьць гэтаго.

Крошын перайшоў да кн. Антоніны Радзівілл, каторая вышла замуж за простаго шляхціца Станіслава Юрагу. Расказывалі, што гэта быў бедны шляхціц: дзякуючы толькі блізкай прыязьні с князём Константынам Радзівіллам, ажаніўся з яго сястрой Антонінай каля 1822 г. Прыехаўшы у Крошын, Юрага пачаў завадзіць асобные парадкі.

Першым чынам патрэбаваў дакумэнтоў у жыхароў Крошына на тое, ці яны селяне, ці мешчане і якім правам валадзеюць зямлёй? Шмат, хто назваў сябе мешчанамі, мелі дакументы і паказалі іх Юразе. Ён, разгледзіўшы іх, сказаў селянам, што дакумэнты благіе і немаюць сілы, нават суліў вярнуць раней заплочэные за іх у двор грошы. Прыгэтым Юрага пачаў, каморнікамі, мерыць зямлю і адбіраць яе сілай.

У гэту спорку умешалося начальство. У Юрагі сіла была вялікая. Яго швагер кн. Радзівіл быў Новагрудзкім маршалкам шляхты. Доўга цягнулася справа. Яна кончылася у Гродні у Губэрнскім Праўленьні у 1826 гаду, 29 лютаго, дзе было прызнана, што крошыняне усе мужыкі, а не мешчане і што непраўна валадзеюць панскай зямлёй, не плацючы падаткоў і не адбываючы паншчыны. У гэтай справе многа працаваў для селян Камінскі, каторы раней вучыўся у Крошынскай школе. Быў іх хадатаем, адвакатам, паверэнным. Ён жэ і ў турме сядзеў.

Пастанаўленьне Губэрнскаго Праўленьня вышло проціў мужыкоў. Селяне не паслухалі начальства. Юрага тады данёс Губэрнатару, што селяне бунтуюцца, дзеля гэтаго трэба, паслаць войска. Гэта было вясной 1828 году.

А тады лёгка было выклікаць войска. Быў, за два гады да гэтаго, выдадзен указ, па катораму загадывалося судзіць бунтуючых селян на мейсцы ваенным судом і тут-жэ выпаўняць прыгавор суда. Зацьверджае гэткі прыгавор Губэрнатар, а калі вінаватых акажэцца болей за 9 чэлавек, праз камітэт міністроў прыгавор ідзе на зацьверджэньне самога Цара, але ў указе было так-жэ сказана, што паны павінны ведаць меру правоў сваіх і не злоўпотрэбляць імі.

У Крошын прыехало многа начальства: губэрнатар, маршалак шляхты, за судзьдзёў прышлі ўланы. Селяне былі пасаджаны пад варту. Іншые спужаліся і прызналі правы пана Юрагі. Але пасьля, перэгаварыўшы с ксяндзом Магнушэўскім, паправіліся, сталі упорстваваць. Паны і начальства узлуваліся на квендза, што падтрымлівае мужыкоў.

Суд быў скоры, але не міласьцівы. У ім заседаў сам Радзівілл, швагер Юрагі, прэзыдент гродзкаго суда і афіцэры. Вінавацілі 12 чэлавек, з гэтаго ліку 8 крошынскіх селян і 4 чэлавекі разнаго стану. 9 было тут-жа засуджэна ваенным судом, а на трох меўся быць ешчэ прыгавор. Губэрнатар быў тут-жэ, могбы зацьвердзіць прыгавор суда, але дзеля таго, што засуджэных было больш за 9 чэлавек, то справу трэба было даводзіць да самога Цара, дзеля гэтаго губэрнатар прасіў Насьледніка Царскаго брата хутчэй пакіраваць справу да Цара, нават паміма камітэта міністраў.

∗          ∗

Калі ўзнялася гэтая справа, то звярнулі увагу на школу і на кс. Магнушэўскаго. Данясьлі гэта Юрага і Радзівілл.

Пры губэрнатары кн. Радзівіла стаў дакараць кс. Магнушэўскаму, што прычына бунту гэта ён і яго школа. Кс. Магнушэўскі мае, моў, грамадны ўплыў на народ, мог-бы выйсці да іх і угаварыць супакарыцца перад панам, але кс. Магнушэўскі гэтаго зрабіць не хацеў, ссылаючыся на хваробу, а за выкрыцьце шкоднай школы гразіў, апрача таго, пажаліцца біскупу.

Губэрнатару паказаўся дзіўным гэты чэлавек, саўсім не падобны да другіх. Саўсім здзічэў, спрасьцеў і з мужыкамі трымае.

У аднаго з вучнёў, Бахрыма, знайшлі вершы, каторые паказаліся падазрыцельнымі. Паліція стала шукаць другіх вершоў і болей. Цяпер пачалася новая справа аб школі.

Аўтор «Powieści zczesu mojego» падае не саўсім акуратные весткі аб выкрыцьці школы. Павэдле яго слоў ездзілі у Крошын дзеля гэтаго сам Новосільцоў і рэктар віленскаго універсытету Пэлікан і з разгавороў с ксяндзом Магнушэўскім даведаліся, якая шкодная яго школа. Дакумэнты, каторымі я карыстаўся, а ім трэба верыць, нічога аб гэтым не кажуць. Справа была іначэй, крыху прасьцей і ясьней. Гродзенскі губэрнатар, атрымаўшы жалобу Юрагі і Радзівілла аб бунце селян, паехаў на мейсца сам. Юрага і Радзівілл сказалі, што прычынай усяму школа.

Пачалося сьледзтва аб школі. Хто вучыць, чаго вучаць, сколькі вучнёў, як называюцца. Радзівілл толькі тады убачыў, што ён далёка зайшоў у сваей жалобе, што нельга саўсім закрываць школу, а хапіло-б зрабіць некаторые перамены у школі: трэба атсунуць шкоднаго чэлавека, арганісту Арлоўскаго, даць для дагляду школы больш здольнаго вікараго, і каб сам пробашч не назначаў вучыцелёў і іх памочнікоў.

Відаць старому Магнушэўскаму сьледавацель не раз ставіў пастку і праз гэта даведываўся, як вучылі вучнёў. Кс. Магнушэўскі стаў хваліць Паўла Бахрыма, што ён болей вершаў на памяць ведае, а ня толькі тые, што ў яго узялі.

Князь Радзівіла у таго-ж сьледовацеля гэтак сьведчыў аб школі і аб Магнушэўскім: „Кс. Магнушэўскі ніколі не даваў навук, патрэбных для народу, а, запрошэнный прыставам, не хацеў стрымліваць селян ад бунту, дадзенае прыставам аб’яўленьне прачытаў публічна у касьцелі, но мужыкам паказалося, што ён трымае іхнюю старану, не карыстаў с свайго палажэньня дзеля успакаеньня, і ня хочэ угаварыць селян пайсці на работу. Вось гэткіе адносіны і былі прычынай таго укору, што з яго школы ня можэ выйсці нічога добраго, бо ён сам не стараўся, а той, хто вучыў дзяцей, Парафіяновіч ня здалеў навучыць дзяцей павіннасьці іхняго стану і ўмацаваць правілы добрай моральнасьці, бо любіў выпіць, і разам з другімі пісаў разные жалабы на пана. Апрача таго пры мне па загаду Магнушэўскаго хлопчыкі дэклямавалі ня гожые для селянскіх дзяцей байкі і вершы. Гэта быў найлепшы даказ, які кірунак школы. Адначэ цяпер напэўна сказаць не магу, каб гэта школа была прычынай усіх гэтых сумных здарэньняў, бо я ў гэтым дварэ ня жыў і ўся драбяза благога ўплыву навук мне невядома».

Юрага горэй адзываўся аб школі і аб вучыцелю Парафіяновічу, называючы яго бунтаўшчыком. Ня можна, моў, яму дараваць таго, што ён у сваіх рапартах называе вучнёў мешчанамі, а не селянамі, і сабраные такімі, кажэ, вучыцелямі дзеці маглі навучыцца ня столькі малітвы, сколькі думак аб прывілеях і вольносьцях, і умацаваньня у ўпорстве ды сьляпой ненавісьці да дворных загадаў, а якіх навук навучаюць у школі, можна пабачыць, калі паўзірацца на вучыцялёў.

Вынікам усяго гэтаго было закрыцьце школы; Кс. Магнушэўскаго узялі пад надзор ваенной каманды, а пасьля атдалі пад надзор паліціі.

Быўшы пад надзорам, прыбіты горэм, памёр Кс. Магнушэўскі 24 сьнежня 1828 года, маючы каля 70 гадоў.

Тым часам справа аб школі ішла сваей чарадой.

28 студня 1г29 году з Варшавы Вялікі Князь Константын, брат Цара, разабраўшы усю справу, прыслаў такі загад у Вільню: прызнаць Магнушэўскаго не вінаватым, звольніць ад надзора, а гродзенскому губэрнатору за неаглядны паступак зрабіць выгавар.

Кс. Магнушэўскі ня мог ужо гэтаго пачуць: яго цела спачывало у мёртвай сцюдзёнай зямле.

Некаторых селян саслалі. Хадзілі чуткі, што Паўлу Бахрыма былі здаўшы у рэкруты. Думаю, што гэта непраўда. Лішне малы быў на гэта. Яму было 19 гадоў.

Вершаў Паўла Бахрыма не удалося знайсьці. У ўспамянутай кніжцы надрукаваны адзін яго верш, каторы тут і перадруковываем:

Заграй, заграй, хлопчэ малы,
І ў скрыпачкі і ў цымбалы,
А я заграю у дуду,
Бо ў Крошыне жыць ня буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плачэ,
Гдзеж ты пойдзеш, небарачэ?
Гдзе я пайду? мілы Божэ!
Пайду ў сьвет, у бездарожэ,
Ў ваўкалака абярнуся,
Сьлёзна на вас абзірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьліўшая ты бы была!
Каб я каршуном радзіўся,
Я-бы без паноў абыўся:
У паншчызну-б не пагналі,
І ў маскалі не атдалі.
Мне пастушком век ня быці
А ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Гдзе-ж я, бедны, абярнуся,
Ой кажане, кажане!
Штож ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.

А. Янулайтіс.

16/IV 1913 г., Вільня


  1. Вершы і песьні пападалі у Крошын разнымі дарогамі. Адны браліся с кніг, другіе хадзілі у рукапісных запісях: гэтак было з вершам «Разгавор Мужыкоў» (Rozmowa Chłopów).