Перайсці да зместу

Літоўскі хутарок (Гарэцкі)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV Літоўскі хутарок
V
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
VI
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Янавай хаце за сталом сядзяць нямецкія пехацінцы. П’юць кофе, малако, ядуць хлеб з маслам, яйкі. На лавах навалены шынелі, ранцы. У кутку — стрэльбы. На масту пасцелена салома. Каля столу стаіць Ян і гамоніць з салдатамі. Ад печы да столу бегае Ядвіська. Монця з маткаю на печы. Салдат жыд перакладае таварышам, што кажа гаспадар па-літоўску.

— Во, дзед, — кажа адзін салдат, — у вас, у Расіі, баюць, што ў нас ужо есці няма чаго. На-ка табе кавалачак хлеба, ці не бялей наш будзе, ха-ха. Скажы яму, Глюкман.

— Бярэце, бярэце, гаспадар, што ж,— гаворыць Глюкман, — пакаштуйце нашскага хлеба. Ян віхаецца і бярэ.

— Дзякую, браткі. А мы да чорнага прызвыклі.

— Дадай, Глюкман, што калі ў нас не хопіць хлеба, мы ў рускіх адбяром... Дзяўчына, даліце кофе!

Ядвіся зразумела, пачырванела і ўсміхнулася.

— Зараз, пане, зараз.

— Старому што ні кажы, ці ён вінават?

— Па-вашаму, Цымерман, стары не вінават? А ён жа паляк, ён не рускі, ён і гаварыць па-руску не ўмее, а чаму ідзе з рускімі на нас? Як ён жыве пад уладай рускіх? Як батрак, хлеба няма, а як брудна. І яны ўсе тут таксама. А ў Германіі ён чалавекам быў бы.

— Ведаеце,— заступаецца Глюкман,— ён паляк, але тутэйшы: па-польску тож не разумее, гаворыць па-літоўску. І ён нічога таго не разумее, дарма вы на яго. Ён жыве і жыве. Я жыў у Расіі, дык я знаю. Праўда, усе тут так. Яны простыя людзі, яны не разумеюць. Маладзенькі хлопчык шэпча вусатаму брудэру:

— А гэта дзяўчонка нічога сабе, адылі што на печы, яшчэ прыгажэйшая. А вусаты чуе і кажа:

— Глюкман! Растлумач запечнай дзяўчыне: няхай не баіцца, мы не з’ямо яе, няхай не хаваецца.

— Ай, ну што там, — кажа ім жыд, — пакіньце вы іх чапаць, ну, простыя, бедныя сабе людзі, і ўсё.

На двары чуецца гоман і стук. Уходзіць дзяншчык і крычыць:

— Ідзіце вы! Тут будзе кватэра панам лейтэнантам. Салдаты нездаволена спыняюць абед і рыхтуюцца выхадзіць. На стол кідаюць маркі. Іншыя датыкаюць пальцамі каскі і смяюцца Ядвісі.

Дзеншчыкі ўжо знайшлі галень і даюць у руку дзяўчыне, каб мяла. Уходзіць у хату афіцэр, ззаду яшчэ два.

— О-о-о! Тут нам будзе, паны, нядрэнна. Бруднавата, ды што зробіш?

— Дый наконт дзяўчонак надта ж ладна! Дзівеце, што за матэрыял.

— Дзеля паляпшэння заняпалых народаў і дзеля найлепшага прывіцця высшай нашай культуры фізічным шляхам.

— Паны! Заўсёды вы так. Яны ж могуць разумець па-нямецку.

— Эт! Адразу відаць, што вы не дужа даўно змянілі штацкі гарнітур на ваенны... Вы нас не разумееце.

— Ці я магу саромецца, — кажа другі,— гэтых дзікароў.

— Ну, літвін, забірай сваіх хатніх і выхадзі ў другую хату.

Так запанавалі на хутарку ў Шымкунаса немцы.

— Ну, што, як там, — пыталіся рускія салдаты ў сваіх разведчыкаў, што хадзілі далёка за Нёман.

— Ды як там, — адказвалі разведчыкі, — танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-ўсякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць.