Перайсці да зместу

Літоўскі хутарок (Гарэцкі)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III Літоўскі хутарок
IV
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html
V

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад. Хутарок астаўся ў тыле. Пайшлі…

Хутарцы ўздыхнулі вальней. І думалі, што навальніца мінула. Ждалі лістоў ад Блажыса, але пошта была раскідана той навальніцай, і Даміцэля блізка месяца дарэмна штодня ўранні і ўвечары ў малітвах пыталася, ці жывы сыны яе? Лістоў не было, вешчых сноў не снілася, трывога не міналася.

Ян колькі разоў падвозіў хлеб на пазіцыю. Вярнуўшыся, шмат расказваў у двары аб тое, што бачыў.

Крэпка верылі ўсе, што не адыдуць ужо нашы і не прыйдуць сюды немцы.

А мінуўся месяц, і вестка аб адступленні ўразіла хутарок больш, чым некалі вестка аб вайне. Тры пары, дзень і ноч, гудзіць маць-зямля. Дымяць пажары. Чырванее неба. Выюць сабакі. Тарарахкаюць пушкі і павозкі.

— Рускія ўцякаюць…

Вот з аднаго хутара выйшла гаспадыня, старая літвінка, зірнула на лог свой, акопамі зрыты і гэтак кінуты, пачула жалобнае мычанне непакормленага ў сумяціцы скоту, абхапіла галаву рукамі і завыла сама, як той бедны сабака.

А ў касцёлах, бажніцах — трывожны звон, у званіцы навалена вузлоў спалоханых уцекачоў, там богамаленцы і сівы дзядок — кунігас. Дрыжачымі рукамі благаслаўляў тых, што па дарозе забягалі са стрэльбамі ў руках, каталікі.

Курыў па полі дожджык і, урэшце, паліў як з вядра. Клум, гразь. Адзадзі страляніна, і збоку лятуць ужо снарады. Там нейкія крыкі, вазня, уцекачы-жыхары з цэлым возам убогага шкумацця поўзаюць у гразі ля калёс і беднага каня, што прыстаў у патапечы.

А ў хутары Шымкунаса голаснае выццё. Блажыс ішоў са сваім палком міма роднай хаты і забег да сваіх на пяць мінутак.

— Што нам рабіць, сыночак, што? — Кладуць яму ў торбу сала і каўбасу, сыр і хлеба.

— Сам не з’ясі, таварышаў пачастуеш, — нечым будзённым чуецца сярод гора і плачу.

І не пускаюць таго з хаты. Матка і Ядвіська прыніклі да яго і выюць; ужо Монця падае торбу і роніць слёзы, а бацька ўсіх супакойвае і сам плача.

— Ужо не ўцеч вам, — кажа сын, — выкапайце за дваром ямку і накрыйце тоўстым бярвеннем з зямлёю. Калі будуць біцца, хавайцеся туды, а пакуль што хоць у паграбніцу. Бывайце, бывайце!

— Цалуе бацьку, хапае матчыны рукі, абшчапіў сясцёр, схапіў стрэльбу і торбу і пабег даганяць свой полк.

— Калі што, дай вестачку, Блажыс!

А наўкола сяліб і ўздоўж шасэ ўжо рыюць зямлю нямецкія гарматы.

Ядвіся палезла на вышкі, кінулася на сена і аддалася панаванню гора. Нітка думак парвалася, і дзяўчынка плакала доўга і няўцешна, чуючы толькі, што на свеце робіцца нешта незразумела страшнае, што на хатку прыйшло незвычайнае няшчасце, што герман іх забірае.

Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку.

Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела.

На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.

— Кыць-кыць-кыць, — паманіла Ядвіся, але вуха яе раптам уразілася рэзкім хлопаннем унізе, блізка возера.

Яна мігам скочыла, падбегла да шыбкі, працёрла яе ад туману і глянула на поле.

Дожджык ішоў. Людзей не было відаць, але паміж гор то тут, то там хлопала, і на міг віднеўся клубочак пару, як ад дыхання ў мароз.

Прыгледзеўшыся, убачыла Ядвіся, што за хутарам, куды пайшло рускае войска, па ўсім полі, у лагчынах і па адхону гары пераскаквалі, як вераб’і, адбягалі назад і прысядалі, нібы перапырхвалі, шэрыя са штыкамі і старэцкімі хатылькамі фігуркі. І ўсё нешта хлопала.

— Матка боска! То ж яны страляюць, — спалохана даўмелася Ядвіська і заламала, аж хрэснулі, пальцы.

Адна шэрая, абчэпленая торбамі кароценькая фігурка бегла саўсім недалёка ад пруда, па канаўцы ля шасэ. Во прысела, выставіла стрэльбу да лесу, рэзка хлопнула, — і раз, і два, і тры. Усхапілася і шпарка-шпарка пакацілася ад хутарка.

Ядвіся не мела сілы аглянуцца. Во фігурка ўзмахнула ўгору рукі і кінула стрэльбу. А воддаль яе і блізка пыл на раллі там, тута курыцца, як пыл на дарозе, калі пачынаецца буйны дождж. Прысела фігурка, потым сярдзіта пачала рваць з сябе тыя торбачкі; ізноў ускочыла, схапілася за грудзі, замяталася туды сюды ў бакі, кінулася ніц на дол і асталася ляжаць нерухома.

Шлёпалі тыя буйныя каплі па возеры, раскідаючы дробныя пырскі, і ўкола возера ўжо ляжала яшчэ некалькі такіх фігурак.

Пачуўся з пад лесу грукат, конскі тупат, страляніна і крык.

Ядвіся прыльнула вокам да ваконца і ўбачыла: ад лесу на шасэ важка імчыцца конніца ў сініх мундзірах з флажкамі на канцы пік.

Ту-ту-ту-тук!.. — Як гарохам, забарабаніла па сцяне хаты.

— Ядвіся! Ядвіся! — даляцеў голас са слязамі крыклівы знізу.

Дзяўчынка кінулася да лесвічкі.

Дзы-ынз! — пасыпалася вакенца, і ў дзіру са злыбедным свістам уляцела яшчэ некалькі куль.

Не паспела Ядвіська дабегчы з бацькам да пограба, як да хутарка наўскачка падляцелі нямецкія кавалерысты.

— Прусы, — уздрыгнула і акамянела дзяўчына і ўжо не магла адвесці застылых вачэй ад тых. Ногі неспадзявана аслаблі, дажа згібаліся, зрабілася сцюдзёна. І Ядвіся проці волі хрыпла і дужа ціха шапнула, узняўшы руку: — Не рушце!..