Перайсці да зместу

Літоўскі хутарок (Гарэцкі)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
V Літоўскі хутарок
VI
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html
VII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прайшло роўна два тыдні. І зноў рушылі на захад шэра-бліскучыя тупацячыя рускія грамады. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя надпісы.

«Тутака пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні места С. 4.жніўня 1914 года».

Відавочна, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з надпісам:

«Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4 жніўня 1914 года».

Яшчэ колькі сігоў і дошка: «Магіла воінаў[…]».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. І ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. І згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат.

Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады дроту.

Асенняе сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там, тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шасэ калдыбае дзед. Падняў з зямлі каску, раздушаную катком, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. А на ўзгорку — доўгая алея старых ліп, дзеля чагосьці без усякае жаласці ссечаных. Яны загарадзілі дарогу.

— Мы ведалі, што незабавам прыдзеце. Але чаму адступілі? Хіба яго сіла больш? Кінулі нас…

— Зразумей, дзед, што іншы раз трэба адысці дзеля даспеху ў вайне.

Слухае дзед і маўчыць.

— Ну, што: крыўдзілі вас?

— А Божа мой. Усё ўзялі: блізка ўсіх коней, каровак, зімовую адзежу. Спрачацца няможна было — забілі б. А да начальнікаў не даступішся. І ўсё паелі: кароў, свіней рэзалі, гусей, курэй.

Прымушалі яшчэ пух дзеля іх абдзіраць.

Бульбы не любяць. Пыкі вы якія! Нашы салдацікі, калі бяруць — перша за ўсё бульбу, а ім пісклят трэба, пірагоў.

А страху колькі! Учора, як выганялі вы іх, мы ў пограбе сядзелі. Дрэвы ад стрэлу хісталіся. Бу-бу-бу. З рання да ночы бухае, а мы седзімо не піўшы, не еўшы ды смертухны чакаем.

— Ну, цяпер турыце яго нашчэнт, а мы адзадзі будзем ісці: скацінку сваю шукаць.

— І ўсе злыя германы. Адзін толькі трохі заступаўся, саромеў сваіх. А яны лаюць яго. Знаёмы хутарок…

Па адхону гары — ямкі ад снарадаў. У сцяне хаты — меціны ад куль.

Бегае сабака і бесталач гаўкае.

Тут вялікае гора.

Не чуваць вясёлых галаскоў прыгажух-дзяўчатак. Монцю немцы павялі з грудам літоўцаў нібы акопы капаць, а Ядвіська хворая, непрытомная ляжыць, трызніць, бедная:

— Не рушце! Не рушце! Ратуйце!