Люлі, люлі, мужычок!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Люлі, люлі, мужычок! (Купала))
Jump to navigation Jump to search
Люлі, люлі, мужычок!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/675


Люлі, люлі, мужычок!

Шуміць шумненька барок
        Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
        Сьпі — ўставаць зарана!
 
Яшчэ поўнач, — петухі
        Першыя ня пелі;
Твае коні-валахі
        Сена не паелі.
 
Шыпяць, сьвішчуць па лугах
        Вужы, скарпіякі,
А па стайнях, па хлявах
        Лазяць ваўкалакі.
 
Ведзьмы, совы, кажаны
        Круцяцца, лятаюць,
На сваіх бацькоў сыны
        Залом заламляюць.
 
Зьмей панёс чараўніком
        Грошы ад скупога;
Ваўкі выюць пад лясом,
        Аж ляціць трывога.
 
Шуміць шумненька барок
        Песьняй жаласьнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
        Сьпі — ўставаць зарана!
 
Яшчэ вокал цемната
        Над сьветам пануе, —
Яшчэ міласьць, дабрата
        Людзей не раўнуе…

[1905—1907]