Люблю, не знаючы пуціны…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Люблю, не знаючы пуціны…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/6522

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *

Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;

Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
«Дабрыдзень!» — прывітацца з ім;

Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;

І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;

Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?

(1921)