Лучынка (часопіс)/4/Зваротлівы
← Сумна, сумна шуміць старушка ліпа… | Зваротлівы Апавяданьне Аўтар: Цётка 1914 год |
Да дзеўчатак → |
Зваротлівы.
Хто я — даліпан не прызнамся, людцы хрышчоные! Быў на возі, пад возам, у папярок, у здоўж; насіў лапці, боты, гамашы, апоркі, а цяпер — дык у шнюраваных, на фасон бабскіх, чэравічкаў, скрыпаю. Нічога не парадзіш, людцэ добрые, — такая мода выйшла.
Калісь-то круціўся фэльчэрам — нікога ня вылячыў; наняўся вучыцелям — нікога не навучыў; папаў у стражнікі — нікога не арыштаваў; начальства зьнецярплівілося, дало воўчы білет і адправіла.
— „Ад гэтай пары, кажэ, працуй рукамі сваімі ў поце чэла твайго, Грышка; мазгаўніцай тваей годзі ўжо „прычыняць врэд гасударству“.
Дальпан, не с паў рэчы сказала. Ось ужо каторы год наняўся ў вінны склад бутэлькі паласкаць. Работа, як мокры каўбак на агні, гарыць, кіпіць.
Слухаючы мяне, пэўна падумаеце, людцэ: ну і кручэная-ж штучка с цябе, Грышка! Барані — бо — ані то, ані гэта: ціхі сабе, спакойны, рахманы і… як гэта сказаць?.. каб ты згарэла — круціцца на языцы… ага: пяцідзесяцілетні дзяцюк. Бачыце, як ажаніўся, та і ня у пору чэлавекам звацца.
Горка, ой як горка, дзеўчаткі, сокалкі ясные, на старасьць дзяцюком славіцца. І імя маё — ня Грышка, а куды пякнейша, далікатна, пястотна. Адгадайце, дзеўчаткі! Пранук? кажэце — не; Якуб? — не; Антон? — то, ды ня то, але і сусім блізка: Хведост! Іш, аж падскочылі — спадабалася!? Толькі с прозьвішчам, сястронкі, дык сусім не па Божаму закону вышло. Цяжка прызнацца. Пачэкайце — крыху перэвяду дух. Настаўце вушка, хіба шапяну: Курта. Ага, аж зьбялелі — ня бойцеся — ня ўкушу; Куртай толькі клічуць; Куртай клікалі дзеда, Куртай — прадзеда, Куртай — бацьку. Да канца сьвету будзе наш род гібець Куртамі. Дзеля гэтага мой прадзед нічога не дабіўся; дзед — змарнеў; татка родны — з радасьцю памёр; а я сам ад гэтага самага паганага прозьвішча з воўчым білецікам цягаюся.
Бывала выпрастаюся — дзяцюк, як жэрдка: тонкі, высокі; твар — кроў з малаком; вусы, моў жаўток, затоплены у сьметане; прыперажу шаблю — жлін, жлін, жлін па каменьнях, здаецца ўвесь сьвет я зваюю, а тут ні стуль, ні сьсюль, з за якога вугла — як не зьвягне якая лядачына: Курта! на-на-на! Лёдам усё нутро скалыхнецца! Прападай, думаеш ты ўсё!
Дзеўчаты праманулі круціць сабаччые міны, спаткаўшыся са мной, быццам гэта я Курта — цюцька, значыцца. Проста, атпадае ахвота; хай, думаю, ўсё растрасаецца да скутку! На якое ліха начальства? Шаблю бразну воб зямлю, сяду ў кут, горка разважаю: на якую такую балячку мяне маці-нябошчыца на сьвет нарадзіла? На якое ліха зямелька выкарміла? Бадзяйся цяпер чэлавек па сьвеці, як выдраны альховы куст па мокрым ройсьці.
Скажэце людцы: от-жэ разьмяк Хведост, як перасьпелы казьляк. А-гэ! добра вам цьвярдымі быць! Ось і цяпер можаце спытаць, аткуль я родам, а мне ўсё роўна, што суседзяў папарыць устыдам. Ну, але хай ужо так будзе: с пад Менска я, с пад Менска! але!!… калі птушкай ляцець да роднай вёскі, то тры мінуты; калі канём ехаць, то поўдня; цьвярозы чэлавек за адзін дзень зайдзе, а пьяны дык за тры — не дакоціцца. Больш ужо ані слова! Хоць абцугамі за язык рвіце.
Ось аб горадзе Бэрдзічаве, дзе цяпер жыву — магу сказаць. Рэдкай пекнаты горад! Сам Магамэт Бэрдзічава парогаў не пастыдаўся-б. Каля тынаў перац расьце; цынамон сьцеліцца ў пазаплотках; кармазын пахне; слонямі езьдзюць; салаўёў на вячэру пякуць. А вялікі, вялікі горад! Народ у ім ня месьціцца: большая палова жыве пад голым небам — быля ў Бэрдзічаве.
Я сам дзесяты год ужо ў ім паную — значыць бутэлькі мыю. Мілая работа! Адно толькі: сморад ад гэтай праклятай гары! Дзіўна мне, як яе людзі галгочуць? Мне ад аднаго толькі яе паху нос распух, пачырванеў і ківаецца, як сьпелая грушка.
Такрок прашпарт меняў; у прыметы ўпісалі: „Вялікі нос“. Паночкі, прашу, гэтага не пішыце: мой нос малюсенькі, дзюбаценькі; гэта толькі часовая штука: распух, бо пры такой рабоце стаю, а кіну работу, нос адыдзе, бульбінкай асядзе, дык ешчэ арыштуюць, што пад чужы прашпарт падшываюся; агітатар, скажуць, сіціліст. Ня губіце, — сірата я круглая: ані бацькі, ані маткі, ні жонкі — адзін, як палец на сьвеці. Разгаварыся з дурнямі! — за дзьверы выпхнулі. Цяпер воляй-няволяй жыві ў Бэрдзічаве. Шчасьце, што горад на дзіва слаўны.
Дзесяць гадоў выбіраюся пад Менск да кума — лясьніка Яхіма, ды ўсё Бэрдзічава жаль. Ось толькі ўчора кажу: Хвядот, дурны ты асталоп: ці тваё намачыла? ці тваё, дзяцюк, зарадзіла? Вольна птушка! Яхім кум чэкае — едзь! Еду, кумочак, еду. Хоць ты патопа хлыні — ткі еду — чэкай Яхімка!
Балазе, знаёмы унцер білет салдацкі купіў — дарога таней абыдзецца. Трэці званок. Кандуктар у вагон пасадзіў. Машына сунулася. Народу — жмыр; хоць бы пры кім далікатным сесьці, — ўсё ж будзе ехаць мілей. Вуньдзька прымашчуся — каля тае прыгожае пані. А-бо! Без кап-ту-ра нарадзіўся — ня вытрываю: як бач усё нутро ў верх нагамі вывярне. Каб яны зы сьвету счэзлі ўсе гэтые пахі! Па што і на якое ліха яна так напарфунілася? Вой-ваёй! — ня вытрываю, аж у горлі пячэ і галава млынам пушчаным круціцца… Гвалт! ізноў вынімае бутэлячку, — будзе палівацца. Вось яго ліхачка! На чужое дабро які ласы — ў вакулярах — пэўна купец; аж падсунуўся на бліжэйшую лавачку; сапе, ў нюха нюхавіцу, парфуну цягне. Хай ты затані, людзкая натура, колькі ў ёй рожнага пашкуцтва!
Во, якраз добра што успомніў: махорку вязу для кума Яхіма; папрабую закурыць, мо‘ развядзе крыху, пасьвяжэе
А-а-а а! прачнуўся, ды ешчэ пазеваю… што значыць моцна заснуць — як рукой адняло. А мая паня, покуль я спаў, стапнела, як лёд, на некай станці. Ось цяпер то добра ехаць: на ўсю лаўку адзін; хоць ногі папрастуюцца, — выцягнуся.
А-а-а-а, пазеваецца, што гэта значыць: ні разу білетаў шчэ ня пыталі; мо‘ вышаў які маніфэст, каторым дарма сягоньня машынамі пруць. А шкада: білет за нішто прападае. А-а-а-а! праспаўся так добра, а зноў пазеваю.
Білеты вашы, білеты! — Дзякуй Богу! білет прыдасца. — Ваш білет? — Зараз паночку падам, недзі ў кішэні замахрушыўся; маю, як жэ — маю; пэўна, што па прошанаму ня ехаў бы ў госьці да кума Яхіма. А восяка — знайшоў шэльму. Кантроль глузды вытарчыў — мусіць навічок — да білетаў ня прывык. — Білет ваш не важны, загрымеў страшным голасам. — Не я друкаваў — такі ў касі выдалі. Вы не салдат, білет не важны. — Не, братка, гэта ўжо за востры жарты! Кажы каму іншаму, што забыў салдаччыну, я ж буду помніць яе, канаючы. — Білет салдацкі — для салдат у формі. І гэта, паночку, маю — толькі пад сподам. Бачыце, нескладна выпусьціць на шнюраваные чэравічкі; а шапку — ў куфэрку вязу на гасьцінец куму Яхіму. Зараз як піць даць пакажу усё. — Высадзіць! засоп на малодшага кандуктара. Ані апомніўся: машына наляцела на станцю — высадзілі.
— А бадай жэ вас немач! ды што-ж я цяпер параджу? як раз на поў дарозі: на права — Менск; на лева — Бердзічэў; ні туды, ні сюды. Аж нос з бяды скорчыўся, — чаго добрага арыштуюць. Ні з мейсца ня рушуся. Занялася душа. У папярок рэльсаў лягу — рэжце, дратуйце хрышчонага чэлавека! Сьвяткуйце на маіх касьцях! Нябось дарма вам ня зойдзе, салдацкую шапку надзену. Ага! добра, што успомніў: маю ў кішані для сына Яхіма спранжыновага сабачку — брэхалку, — выму, прыцісну да сэрца, ніхай склікае народ, ніхай людзі ўбачуць вашу справядлівасьць хоць на прым — апрыля!![1]
М. Крапіука.
- ↑ Прым — апрыля — гэта 1-га красавіка — дзень, у каторы выбачаюцца розные і кпіны.