Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/4/Сумна, сумна шуміць старушка ліпа…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Баліць душа мая і сэрцэ цяжка б’ецца…) Сумна, сумна шуміць старушка ліпа…
Абразок
Аўтар: Ванда Лявіцкая
1914 год
Зваротлівы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сумна, сумна шуміць старушка ліпа…

Ціха, чуць-чуць шэпчучы, ападаюць з яе жоўтые лісточкі… ўжо што раз іх больш і больш на зямлі…

Сумна пад ліпай — сумна на сэрцы…

Дзе-ж дзевалася краса вясенняя, старушка-ліпа? Чаму пажоўклі твае лісточкі?…

Дзе-ж дзеваліся твае думкі дзявочые, сны чароўные, мілая дзяўчынка?

Чаму не маеш надзеі?

Злая восень забрала красу вясеннюю, ветрам-холадам змарозіла зялёные лісточкі…

Не далі людзі дадумаць табе думак тваіх, перервалі сны чароўные — адабралі надзею…

Сумна цяпер на цябе глядзець, ліпачка старэнькая, але прыдзе весна, ты ў новай зялёнай апратцы зноў закрасуешся…

Сумна і цяжка цяпер табе, мілая дзяўчынка! Але шчыра і сэрдэчна падай руку на згоду людзям, — надзея твая ешчэ вернецца…

Перэрваліся твае думкі — бо ня моцна, ня трывала звязаны былі з жыцьцём яны… перасніліся твае сны чароўные — бо гэта былі толькі сны…

Глянь, падумай: колькі бедных, нешчасных на сьвеце, — ім трэба памагчы, іх трэба жалець і кахаць…

Глянь, падумай: колькі людзей аддае сваю моладасьць, сілы, жыцьця нават не жалеючы, — каб другім было лепей, ясней на сьвеце… А ты? Ты кажэш: „німа чаго жыць, німа надзеі“…

Не, дарагая! Ты ідзі следам гэтых „сьветачоў“ народу, забудзь аб тым, што баліць табе, — а тады знойдзеш ты надзею… Будзеш мець надзею — будзе чаго і на сьвеце жыць…

Дык сьмела да працы! Не марнуй сваіх сіл маладых! У помачы другім, у шчасьці другіх — знойдзеш шчасьце сваё…

Вандзя Ля.