Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/4/Аб душы маладзёжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб душы маладзёжы
Публіцыстыка
Аўтар: Цётка
1914 год
З вясной

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб душы маладзежы.

Хто може згадаць, якіе скарбы крые ў сябе душа дзіцяці, што — узросшы — дадуць маладые пакаленьні? Хто ацэніць тую шкоду, якую робіць сьмерць без пары, ці жыцьцёвые злыбеды маладым душам?

У польскага пісьменніка Данілоўскага ёсьць дзіўнай красы аповесьць: „З мінуўшых дзён“. Сьветлымі, цудоўнымі фарбамі рысуе артыста абраз душы дзіцяці-героя.

Дзесь у тайдзэ халоднага Сыбіру памёр сьмелы ваяка за лепшую долю братоў сваіх. Счэз чэлавек, бытцам і ня было яго. Але ня счэзьлі вялікіе ідэалы, за каторые аддаў ён сваё жыцьцё: ў душы сына-хлапчэняці з малых дзён збудзілася любоў да людзей, міласьць да ўсіх, каму цяжка жывецца у працы непасільнай, каго скрыўдзіла доля ліхая.

Дзіця расьце між людзьмі, каторым ненавістна ўселякая крыўда. І ў гэтай атмасфэры буйна расцьвітаюць заложэные ў душы яго зерняты, даюць багаты ураджай. Хлопчык з болям у сэрцы глядзіць на волікаў, што пад цяжкім ярмом аруць зямліцу — на карысьць людзям. С слязьмі ў вачох слухае ён аповесьць аб тым, як бедные кітайцы на сьпякоце працуюць, зьбіраючы гарбату, каб мы мелі што піць. Жаль зьнімае душу яго і так хочэцца памагчы гэтым нешчасным, даць ім хоць крыху адпачынку і ўцехі…

Гэткіе думкі роюцца ў дзіцячай галоўцы, — і вось родзіцца ў ёй сьмелая жаданьне: знайсьці чудатворную кветку папараці і таемнай сілай яе даць шчасьце ўсяму жывому на зямлі.

Калі па вёсках народ спраўляе сьвята Купалы, калі скрозь палаюць вогнішчы і пануе радасьць між людзьмі, — у цёмную ночку, усхапіўшыся с цёплай пасьцелькі, цішком прабіраецца ў лес малы хлопчык. Гараць яго вочкі, рукі самі выцягіваюцца ўперад — да кожнага аганьку, што мігнуў між зялёнымі зарасьлямі. Скачуць аганькі і вабюць хлопчыка глыбей і глыбей у гушчар, у топкае балота. Але ён не глядзіць ні на што: сьветлая думка развевае цемру ночы, разганяе ўселякіе страхі, што сьцерагуць заклятай кветкі купальскай.

Скачуць вогнікі — раз блізка, то ізноў далёка. І радасьць дзіўная, напаўняе сэрцэ дзіцяці: ён бачыць кветку, ён, дастане яе, — і ня будуць ужо волікі цягаць ярма на плячох, ня будзе ўжо кітаец надрываць свае сілы, абліваючыся потам!…

Скачуць вогнікі, — слабеюць сілы дзіцяці. Вязнуць ногі яго: балота цягне у глыб, туліць і вабіць у мягкую пасьцельку сваю…

Хлопец утануў у балоці: яго ахвяра прапала дарэмна. Сьмерць затушыла мо’ вялікі будучы сьветач?!

Чытаючы апаведаньне аб тым хлопчыку-герою, родзіцца ў душы думка: колькі гэткіх сьветачоў тушыць не балота, а жыцьцё? І пачынаеш неспакойна шукаць спосабу, каб захаваць на ўсё жыцьцё тые добрые, сьветлые ідэалы і жаданьні, што напаўняюць сэрца моладзі.

Німа такой ахвяры каторай у маладые гады мы пашкадавалі-бы дзеля сьвятой справы. Ніхто так не прыймае горача да сэрца крыўды людзкой, як маладзёж. Але цяжкое жыцьцё, змаганьне за кусок хлеба, крыўды і несправедлівасьці якіе спатыкаем мы па сваей дарозі, — ўсё гэта, бытцам тое балота, забівае ў нас найлепшую частку душы: любоу да чалавека.

Ад цяжкай працы грубеюць рукі і грубеюць душы. Замест гарачага жаданьня працаваць дзеля сваей бацькаўшчыны, аддаць усе сілы сваім братом і змагацца за лепшую долю людзей — у сэрцы нашым, змучэным уселякімі злыбедамі, аказываецца халодны камень. І ходзюць людзі па сьвеці, бытцам жывые нябошчыкі. Холад магільны ідзе ад іх і марозіць усе жывые расткі, хаця жывуць яны у шчасьці і дастатку: нішто не сагрэвае іх, апрача думкі аб сваей карысьці…

Глядзіш на нашу моладзь і загадываеш: колькі вас с часам, ідэйна замрэ — для грамадзянства!? Хто удзержыцца на тэй дарозі, што цяпер злучае нас усіх у вялікую братнюю сямью? Хто дзеля багацьця, дзеля вывышэньня над сваім братам адрачэцца ад сьветлых думак моладасьці, або горэй: будзе аплёвываць іх і ваеваць с тым, у што верыў калісь сам, за што гатоў быў аддаць жыцьцё? „Жніво чекае, а работнікаў мала“ — гэтак заўсёды вядзецца ў грамадзянскай працы. І каб сілы нашы прыбывалі, каб ўсё болей і болей працаўнікоў выходзіла на работу на ніве народнай, трэба рупіцца аб тое, каб маладзёж наша развівала ў сабе ўсе лепшые зачаткі, якіе ў душы яе змалку заложэны.

Развівайце ў сябе любоу да чэлавека, — і для вас заўсёды будзе дораг родны край і народ, цёмны, бедны, забыты Богам і людзьмі.

Развівайце любоу да народу, — і сэрцэ вашэ у сталые гады будзе атклікацца гарачым пратэстам на кожную крыўду.

Развівайце міласьць да слабых і загнаных, — і ніколі не забудзецеся ў шчасьці аб нядолі, што на сьвеці пануе, і ніколі не паложыце рук, кажучы: „мы сваё атпрацавалі, — ніхай іншые становюцца на работу“.

У чыстых сэрцах моладзі німа мейсца на благіе інстынкты. Захавайце-ж сэрцы вашы чыстымі на ўсё жыцьцё і памятайце, што сьветлые сны вашы аб волі, роўнасьці і брацтве — збываюцца, што з усходам сонца яны не разсеваюцца разам с цемрай начной, а становюцца праўдай жыцьцёвай. Гартуйце душы вашы, каб халадны сівер іх не замарозіў, каб вечна аставаліся маладымі, і ніякая сіла не здалее зрабіць у іх жаданьня працаваць для сьвятой ідэі.

Будучына дзержыцца на вас, моладзі, — будучых грамадзянах сваей старонкі. Дык пільнуйцеся, каб гразь і балота жыцьцёвые не затапілі у глыбіні сваей усе лепшые сьветлые думкі вашы, зводзючы з дарогі да цудоўнай кветкі Купальскай, што суліць шчасьце і долю і рабочаму-кітайцу, і пад’ярэмным волікам…