Перайсці да зместу

Лукішкі (1929)/На прагулцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вастрожны кветнік На прагулцы
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Астры-нявольніцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПРАГУЛЦЫ

Сьветла!
Блакіт!
Вышыня!
За мурам сьмяецца прастор.
Птушак мне чуецца хор,
Пошчак і сьвіст салаўя.
Наўкола грады, нібы гусі,
Ходзім, ўздымаючы пыл.
Сьнім аб палёх Беларусі,
Дзе плача начамі палын.

*

Гручаць па дарожцы калодкі,
Б‘юць рэхам халодным у мур.
На тварах — усьмешкі салодкія,
У сэрцах — клякочуць віхуры.
Весела!
Сэрца згарае ў надзеях,
Расхрыстаны грудзі… а твар —
Сонцам вясны палыхае,
І ловіць касуляў загар.

*

Скончана. Ў камары хутка.
Гоняць з прагулкі. Ідзём…
Прарвалася шчасьця мінутка,
З салодкім рассталіся сном.
Гручаць па драбіне калодкі,
Ляскоча запор і замок.
Бывай! Маё сонца далёкае,
Бывай, лятуценьняў куток!
І сэрца хвалююць ўспаміны,
Пра волю, касу, сенажаць,
І вочы — пралескі дзяўчыны,
Ў душу маю томна глядзяць.
Досыць. Даволі! Даволі!
Нічога ня шкода, ня жаль.
Тады шчасьліў, калі воляй
Напоўніцца родны мой край.

Лукішкі,
18-VI—27 г.