„Лепшы сын краіны Сёньня катаржанін…“А. Александровіч.
Завялі чароўныя астры
На кветніку ў сьценах сырых,
Вецер васеньні зашастае,
Нізка прыб‘е да зямлі.
Бедныя! Счахлі ў няволі,
Далёка ад ніў і лугоў.
Ім не вярнуцца ніколі
Ў гародчык вясковы, дамоў.
Толькі васеньняю ночкаю
Месячык ясны ўзыйдзе,
І з атуманеных вочак
Сьлёзкай лісткі абальле.
*
Эх, мой пакрыўджаны Тодар,
Успомні вучнёўскія дні.
Песьцілі ў сэрцах для Ўсходу
Лепшыя думкі і сны.
Усё, чым жыло, трапятала
Сэрца тваё ў грудзёх, —
Цёмная крата стаптала,
Чахне ў халодных мурох.
Вер! Яшчэ вырастуць краскі,
Прыдзе і наша вясна.
Сонейка вечныя ласкі
Яшчэ ўсьміхнуцца і нам.
|